Сітуацыя з парушэннем правоў чалавека – крытычная
У Жэневе адбываецца 104-я сесія міжнароднай канферэнцыі працы, у межах якой будзе разглядацца сітуацыя з парушэннямі правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі. Наша краіна знаходзіцца ў спісе 25-ці краін, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных.
На думку лідара Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, які “традыцыйна” не ўключаны ў склад афіцыйнай беларускай дэлегацыі і прымае ўдзел у сесіі як дэлегат Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, сітуацыя з парушэннямі правоў працоўных у Беларусі выглядае катастрафічна:
– Часцей за ўсё адбываецца імітацыя абароны правоў чалавека і таго, што тычыцца аховы працы. Бо так ці іначай, усё будзе выглядаць такім чынам, як загадаюць органы ўлады. Зверху ствараюцца нейкія арганізацыі, іх стварае дзяржава і, канешне, яны ад пачатку ніколі не ўкладвалі сэнс у дзейнасць прафсаюзаў як самастойных і самадастатковых арганізацыяў.
З 2003 году беларускае пытанне пастаянна абмяркоўваецца Міжнароднай арганізацыяй працы. Беларусь не аднойчы ўключалася ў спецпараграф арганізацыі як краіна, дзе груба парушаюцца правы працоўных. Менавіта за гэтыя парушэнні Беларусь у чэрвені 2007 году была выключана з генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвязу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота 1tv.ru