Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2019
Высновы:
– на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
– 6 ліпеня Берасцейскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу вядомага блогера з Берасця Сяргея Пятрухіна на раней вынесены судом Ленінскага р-на г. Берасця прысуд аб прызнанні яго вінаватым у паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі. Такім чынам, прысуд уступіў у законную сілу;
– 9 ліпеня стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да яшчэ аднаго берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава. Варта адзначыць, што праваабарончая супольнасць краіны звязвала пераслед блогераў Пятрухіна і Кабанова з іх актыўнай грамадскай дзейнасцю ў рэгіёне, у тым ліку па асвятленні пратэстаў, звязаных з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў г. Берасці;
– на працягу месяца фіксаваліся выпадкі пераследу журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, а таксама выпадкі адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў;
– працягвалася практыка неправамернага прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства, якая ўяўляе сабой недапушчальнае абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў;
– 18 ліпеня перастаў дзейнічаць арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці). У той жа час, уступіў у сілу арт. 23.88 КаАП, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый;
– 30 ліпеня Віцебскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава;
– 2 ліпеня на 41-й рэгулярнай сесіі Савета па правах чалавека ААН спецдакладчыца па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой першы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, а 12 ліпеня адбылося галасаванне па рэзалюцыі “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”, у выніку якога мандат спецдакладчыка па Беларусі быў працягнуты яшчэ на адзін год;
– у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў, пры гэтым у ліпені, як і раней, не было зафіксавана выпадкаў прымянення адміністрацыйных арыштаў па палітычных матывах, што ў цэлым працягвае агульную тэндэнцыю першай паловы бягучага года.
Чытайце агляд цалкам: https://spring96.org/