Сітуацыя з вяртаннем беларускіх грамадзян на радзіму застаецца складанай
Увядзенне шэрагам краін жорсткіх абмежавальных захадаў па ўездзе іншаземцаў з-за каронавіруса справакавала складаную сітуацыю з вяртаннем на радзіму грамадзян Беларусі, якія перамяшчаюцца транзітам.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, апублікаванай 18 сакавіка на сайце знешнепалітычнага ведамства.
„З пачатку вострай фазы па стане на сённяшні дзень МЗС і беларускімі замежнымі ўстановамі аказанае разнапланавае садзеянне з вяртаннем дадому больш як 1.700 грамадзянам нашай краіны, — адзначыў ён. — Гэтая лічба не ўлічвае шматлікія звароты па лініі пасольстваў Беларусі ў Расіі і Украіне. Толькі за сённяшні дзень, апроч іншага, удалося забяспечыць вяртанне з тэрыторыі Літвы групы больш як 400 беларускіх дзяцей у суправаджэнні дарослых, якія праходзілі рэабілітацыю ў санаторыі „Друскінінкай”. На асаблівым кантролі знаходзіцца сітуацыя з вяртаннем групы беларускіх грамадзян з санаторыя ў Юрмале. Гаворка ідзе пра 136 беларускіх дзяцей і асобаў, якія іх суправаджаюць”.
„У найбліжэйшым фокусе ўвагі беларускіх дыпмісій знаходзіцца яшчэ каля 1.200 беларускіх грамадзян. Гэта не колькасць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, а ацэначная колькасць тых, каму садзейнічанне можа спатрэбіцца ў найбліжэйшы час, — сказаў Глаз. — Яшчэ прыкладна 1.100 грамадзян Беларусі знаходзяцца за мяжой па лініі толькі беларускіх турыстычных аператараў, у тым ліку ў далёкіх краінах. Вялікая колькасць нашых суайчыннікаў знаходзіцца ў Егіпце”.
Паводле слоў Глаза, сітуацыя „застаецца складанай, разам з тым крытычных момантаў, звязаных з пагрозай жыццю грамадзян, на сённяшні дзень не адзначана”.
Ён падкрэсліў, што праца вядзецца ў шчыльным кантакце з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі Беларусі, ажыццяўляецца шчыльнае ўзаемадзеянне з ААТ „Белавія”.
Глаз зазначыў, што нацыянальны авіяперавозчык не мае намеру па ініцыятыве беларускага боку адмяняць запланаваныя палёты, у тым ліку ў краіны ЕС, і будзе працягваць дастаўляць беларускіх грамадзян у Мінск. Гаворка ідзе пра прамыя рэйсы ў Парыж, Берлін, Мюнхен, Гановер, Прагу, Будапешт і па іншых напрамках. З 29 сакавіка 2020 года „Белавія” плануе запуск рэйса Мінск — Вена”.
Дасягнутая дамоўленасць аб працягу выканання рэйсаў „Белавія” ў Егіпет да 31 сакавіка 2020 года спецыяльна для забеспячэння магчымасці выезду грамадзян Беларусі.
„Усімі названымі рэйсамі маюць права і актыўна карыстаюцца для вяртання таксама грамадзяне Расіі і іншых дзяржаў”, — падкрэсліў Глаз.
„Паводле актуальнай у сапраўдны момант рабочай інфармацыі, беларускія грамадзяне могуць перамяшчацца транзітам у Мінск праз Маскву выключна праз паветраныя пункты пропуску аэрапортаў Дамадзедава і Шарамеццева, — сказаў Глаз. — Звяртаем асаблівую ўвагу, што для транзіту праз Маскву неабходна мець набытыя авіябілеты ў Рэспубліку Беларусь, якія дазваляюць пакінуць аэрапорты Дамадзедава і Шарамеццева на працягу 24 гадзін”.
Паводле слоў прэс-сакратара, разгорнутая афіцыйная інфармацыя па дэталёвым парадку транзітнага пропуску грамадзян Беларусі праз паветраныя пункты пропуску на тэрыторыі Расіі ў МЗС да цяперашняга моманту не паступала.
Глаз падкрэсліў, што працягваецца праца над „пошукам варыянтаў вырашэння сітуацыі, звязанай з адмовай расійскіх авіяліній узяць на борт беларускіх турыстаў з Гоа і Шры-Ланкі.
Пасольства Беларусі ў Індыі таксама збірае дадзеныя пра ўсіх грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Індыі, Непала, Шры-Ланкі, Бангладэш і пакуль пазбаўленыя магчымасці вярнуцца на радзіму.
„Пры гэтым вырашэнне названых складаных сітуацый павінна праводзіцца пры больш актыўным падключэнні ўсіх адказных, у тым ліку турыстычных аператараў і авіяперавозчыкаў”, — сказаў Глаз.
У той жа час, адзначыў ён, дадзеныя Дзяржпагранкамітэта Беларусі сведчаць пра тое, што застаецца істотнай колькасць грамадзян Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, нягледзячы на агучаныя рэкамендацыі МЗС.
„У сувязі з гэтым яшчэ раз настойліва раім устрымацца ў гэты перыяд ад замежных паездак”, — падкрэсліў прэс-сакратар.