Сітуацыю вакол Курапатаў абмеркавалі ў Менску (абноўлена)



У сядзібе Партыі БНФ прайшоў круглы стол, па выніках якога прынятая рэзалюцыя з пазначэннем шляхоў выхаду з крытычнай сітуацыі. Гаворка ідзе пра рэстарацыю “Поедем, поедим”, якая пачала працу побач з мемарыялам.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў назваў галоўны вынік круглага стала: усе яго ўдзельнікі знайшлі агульны падыход па абароне Курапатаў, які адлюстраваны ў агульнай рэзалюцыі:

Першы пункт рэзалюцыі: мы гатовыя размаўляць з уласнікамі рэстарацыі “Поедим, поедим” і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў пасля спынення працы рэстарацыі. Другі пункт рэзалюцыі: на момант перамоваў, за кратамі не павінна быць абаронцаў Курапатаў. І трэці пункт: мы асуджаем бальшавізм, нацызм і антысемітызм, патрабуем публічнага, на дзяржаўным узроўні, асуджэння гэтых злачынных ідэалогіяў і настойваем на шырокім грамадскім абмеркаванні ў справе далейшай мемарыялізацыі Курапатаў.

Пад рэзалюцыяй падпісаліся лідары шэрагу партыі ды арганізацый, агулам – 18 чалавек, сярод якіх дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Абаронцы Курапатаў, якія выступілі супраць адрыцця рэстарацыі побач з гэтым мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, атрымалі маральную перамогу ў грамадстве, – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна  выступіла на круглым стале, прысвечаным абароне Курапатаў, які адбыўся ў Менску 12 ліпеня.

„Зараз вельмі важна замацаваць гэтую перамогу, каб ніхто не сумняваўся ў тым, што Курапаты – не месца для нейкіх забаўляльных установаў”, – падкрэсліла Алена Анісім.

– Курапаты – гэта сімвал нацыянальнай трагедыі, якія мы перажылі ў ХХ стагоддзі. І пра гэта трэба памятаць. Там ляжаць нашыя людзі, якія ў свой час рабілі ўсё, каб Беларусь утварылася як дзяржава. Таму вельмі важна гэтую маральную перамогу, якая была атрыманая, а гэтаму сведчаць выказванні многіх вядомых людзей адносна быць ці не быць рэстарацыі ў Курапатах, яе трэба замацаваць.

Зараз вельмі важна знайсці паразуменне паміж усімі бакамі канфлікту для таго, каб Курапаты сталі месцам, дзе грамадзяне могуць аддаць даніну павагі і пашаны тым, хто ляжыць у гэтым урочышчы пад Менскам, – падкрэсліла Алена Анісім.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя