Сіўчык і Някляеў, відавочна, адбываюць у ЦІП арышты на 5 і 10 сутак
Апазіцыйныя палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Уладзімір Някляеў, як мяркуецца, адбываюць ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску адміністрацыйныя арышты на пяць і 10 сутак адпаведна за ўдзел у леташніх акцыях пратэсту.
Аб верагодным адбыванні Сіўчыкам пяцісуткавага арышту БелаПАН паведаміў палітык Ігар Лялькоў. „Дакладна мы ведаем дзве рэчы: Сіўчык знаходзіцца ў ЦІП і што ён быў асуджаны на пяць сутак некалькі месяцаў таму. Зыходзячы з гэтага, мы робім высновы, што яго забралі адседжваць іх”, — сказаў ён.
У кастрычніку 2017 года суд Партызанскага раёна Менска асудзіў Сіўчыка на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі супраць правядзення сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая была прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня.
Версія аб 10-сутачным адміністрацыйным арышце Някляева была выказана праваабаронцамі. Такое пакаранне палітык атрымаў у лістападзе 2017 года, але да гэтага часу не адбыў.
Да арышту Някляеў быў прыгавораны 1 лістапада судом Ленінскага раёна Менска за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным „Маршы абураных беларусаў 2.0” супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, які прайшоў у Менску 21 кастрычніка.
belapan.by