Вячаслаў Сіўчык прапануе Мікалаю Статкевічу прадстаўніцтва ў Кіеве



„Адкрыць прадстаўніцтва кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча на базе кіеўскага офіса Руху салідарнасці “Разам”.

Siuchyk

З такой прапановай да былога палітычнага вязня і кандыдата на выбарах 2010 году мае намер звярнуцца кіраўнік Руху – Вячаслаў Сіўчык. Ён абмеркаваў гэтае пытанне ў час сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскага Камітэту Вызвалення Палітвязняў – расказвае Вячаслаў Сіўчык:

Мы хочам павялічыць магчымасці беларускай апазіцыі падчас выбарчага фарсу. Нам за мяжой трэба штодзень паказваць, што, на жаль, сённяшнія ўлады ў Беларусі не здольныя правесці выбары. Ёсць кандыдат ад апазіцыі – Мікалай Статкевіч, але яго няма ў спісах, таму пра ніякія выбары размовы весці немагчыма.

“На жаль, дыктатура не сёння склалася, але канец урэшце прыйдзе і ёй”, – працягвае Вячаслаў Сіўчык:

Абсалютна неабходна за той месяц, які застаўся да заканчэння выбарчага фарсу, скансалідаваць беларускую апазіцыю. І, на наш погляд, гэта можна зрабіць толькі аб’яднаўшыся вакол фігуры Мікалая Статкевіча, які ўжо і сам зрабіў першыя крокі, змагаючыся за свабодныя выбары ў Беларусі.

Старшыня Руху салідарнасці “Разам” у той жа час выказвае шкадаванне, што частка лідараў апазіцыі крытычна пракаментавала акцыю Мікалая Статкевіча. Прыгадаем, што 10 верасня былы палітвязень правёў у цэнтры Менску пікет з патрабаваннем справядлівых выбараў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя