СК абвясціў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы Мікалая Дзядка
„Следчым упраўленнем УСК па горадзе Менску завершанае расследаванне шматэпізоднай крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да Мікалая Дзядка”, — паведаміла прэс-служба ведамства.
Як вынікае з паведамлення, следчымі ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС „атрыманыя доказы аб дачыненні ўдзельніка анархісцкага руху Мікалая Дзядка да здзяйснення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжанага арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскіх парадак) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
Паводле дадзеных следства, днём 23 жніўня 2020 года „абвінавачаны прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Менску, падчас якога, усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ён разам з нявызначанымі асобамі парушаў грамадскі спакой і блакаваў рух транспарту”.
„Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы Мікалай Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал, — гаворыцца ў паведамленні. — У сапраўдны момант у следства маюцца неабвержныя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні фігурантам дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Для рэалізацыі названай мэты абвінавачваны неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале, выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю становішча ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму. Пры гэтым размешчаная інфармацыя заўсёды была непасрэдна звернутая да чытачоў”.
Як паведамляе прэс-служба, у лістападзе 2020 года Дзядок быў затрыманы на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці), дзе доўгі час хаваўся ад праваахоўных органаў. „Падчас вобшуку жылля знойдзеныя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія згодна з заключэннем эксперта ДКСЭ з’яўляюцца прадметамі, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Пасля завяршэння расследавання Дзядку выстаўленае абвінавачванне на падставе:
— ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне работы транспарту);
— ч. 2 арт. 361 (распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да ўчынення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі інтэрнэт);
— ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Ужытая да абвінавачанага раней мера стрымання ў выглядзе зняволення не змянялася. Расследаванне крымінальнай справы завершанае. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязнем. Яго бацька Аляксандр Дзядок заявіў, што пры затрыманні сын быў моцна збіты, а на допытах яго катавалі з выкарыстаннем слезацечнага газу. Заява пра катаванні была перададзеная ў Следчы камітэт.