СК: Фігуранты „справы палякаў” выехалі ў Польшчу добраахвотна (абноўлена)
Фігуранты „справы палякаў” выехалі ў Польшчу добраахвотна, МЗС гэтай краіны не мае да гэтага ніякага дачынення, усё адбывалася па лініі спецслужбаў, заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Дзмітрый Гара на прэс-канферэнцыі ў Менску 14 чэрвеня.
„Органам крымінальнага пераследу адмененая мера стрымання і адкліканае абавязацельства аб яўцы. Усё гэта адбывалася пры спрыянні польскага боку. Варшава заяўляла пажаданне аб поўнай прыватнасці таго, што адбываецца”, — сказаў Гара.
Паводле яго слоў, некаторы час таму кіраўніцтва Казахстана на асабістую просьбу прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі садзейнічаць выезду гэтых асоб.
Гара паведаміў, што сустракаўся з польскім консулам, пасля чаго быў атрыманы консульскі доступ да зняволеных. Ірэна Бярнацкая, Ганна Панішава і Марына Цішкоўская добраахвотна выказалі згоду пакінуць Беларусь і з’ехаць у Польшчу. Паводле слоў Гары, у некаторых з затрыманых па справе Саюза палякаў акрамя беларускага грамадзянства ёсць і грамадзянства Польшчы.
На прэс-канферэнцыі прадэманстравалі відэазапіс сустрэчы Гары з польскім консулам, затым сустрэч консула з Бярнацкай, Панішавай і Цішкоўскай. У прыватнасці консул пытаецца ў іх, ці згодныя яны з’ехаць. Панішава адказвае, што згодная, таму што проста хоча адсюль выйсці (з СІЗА. — БелаПАН.).
Паводле заявы Гары, ні пра які гвалт адносна выезду гэтых грамадзян з Беларусі „гаворкі быць не можа”.
На пытанне БелаПАН, ці ведаў консул Польшчы пра тое, што вядзецца відэазапіс як яго сустрэчы з Гарой, так і з затрыманымі, кіраўнік СК адказаў, што здымка сустрэчы была санкцыянаваная пракурорам. Пры гэтым ён прызнаў, што консул не ведаў пра відэаздымку.
„Магчыма, ён здагадваўся, але ведаць ён гэтага напэўна не ведаў, — сказаў Гара. — Калі вы намякаеце на тое, што гэта было з парушэннем якіх-небудзь правоў або заканадаўства, магу вам сказаць, што ў дачыненні да ўсіх асоб, якія па гэтай справе прыцягнутыя ў якасці абвінавачаных, маецца санкцыянаваны пракурорам дазвол на правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у тым ліку непублічных, таму ў гэтым выпадку мне не трэба было нікога ні пра што інфармаваць”.
Бярнацкая ўзначальвала аддзяленне Саюза палякаў Беларусі ў Лідзе (Гродзенская вобласць), Цішкоўская — у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць), Панішава была дырэктарам польскай грамадскай скаўцкай школы імя Р.Траўгута ў Берасце.
За кратамі застаюцца лідар СПБ Анжаліка Борыс і член праўлення журналіст Анджэй Пачобут. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ім таксама прапаноўвалі з’ехаць у Польшчу, але яны адмовіліся.