СК паведаміў пра завяршэнне расследавання справы Ціханоўскага і Статкевіча



Крымінальная справа ў дачыненні да відэаблогера Сяргея Ціханоўскага і „набліжаных да яго асоб” перададзеная пракурору для накіравання ў суд, паведаміў Следчы камітэт.

Расследаванне праводзіла галоўнае следчае ўпраўленне СК. У якасці абвінавачваных па крымінальнай справе праходзяць шэсць чалавек: Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Дзмітрый Папоў, Уладзімір Цыгановіч і Арцём Сакаў.

Ціханоўскаму (муж беларускага дэмакратычнага лідара, экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай), Арцёму Сакаву (член ініцыятыўнай групы Ціханоўскай) і Дзмітрыю Папову (мадэратар сацсетак) інкрымінаваныя арганізацыя масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса); распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з выкарыстаннем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Вядомаму палітыку Мікалаю Статкевічу выстаўленае абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Дзеянні папулярных блогераў Лосіка і Цыгановіча СК расцэньвае як распальванне сацыяльнай непрыязнасці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, здзейсненае групай асоб (ч. 3 арт. 130 КК); арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Расследаванне ў дачыненні да „абвінавачваных і іншых асоб” працягваецца, паведамляе СК.

Максімальнае пакаранне па ч. 3 арт. 130 КК — 12 гадоў пазбаўлення волі, па ч. 2 арт. 191 — пяць гадоў, па ч. 1 арт. 293 — 15 гадоў, па ч. 1 арт. 342 — тры гады.

Усе фігуранты былі затрыманыя да прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года: Ціханоўскі — 29 мая 2020 года, Статкевіч — 30 мая, Сакаў — 31 мая, Папоў — 4 чэрвеня, Цыгановіч — 9 чэрвеня, Лосік — 25 чэрвеня (двойчы праводзіў галадоўку пратэсту).

belapan.by