СК прыпыніў расследаванне спраў пра знікненне беларускіх палітыкаў
Следчы камітэт прыпыніў расследаванне справаў пра знікненне беларускіх апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, безнесмена Анатоля Красоўскага. У гэтым, 2019 годзе, спаўняецца 20 год, як гэтыя людзі былі гвалтоўна выкрадзены і лёс іх застаецца невядомым. Юрыст Праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч лічыць, што прыпыненне следства – фармальны крок. Але ён дэманструе, што ў Следчага камітэту няма сіл, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто стаіць за гэтым злачынствам:
– Я маю на ўвазе тую чацвёрку, якая і зараз афіцыйна знаходзіцца ў спісах Еўразвяза, і ў дачыненні да іх дзейнічаюць асабістыя санкцыі. Гэта Шэйман, былыя міністры МУС Навумаў і Сівакоў і начальнік СОБРа Паўлючэнка. Усе яны ўжо не займаюць афіцыйныя пасады, акрамя Шэймана. Ён – дарадца кіраўніка дзяржавы па асаблівых справах. І яны не беспадстаўна падазраюцца ў дачыненні да гэтых гучных злачынстваў.
Але пры існай уладзе ў Беларусі мы, напэўна, і не ўбачым перспектываў ні ў расследаванні гэтых справаў, ні судовых перспектываў супраць тых, хто стаіць за выкраданнем апазіцыйных палітыкаў. Таму што гэта высокапастаўленыя чыноўнікі. І вельмі верагодна, што да гэтай справы маюць дачыненні яшчэ больш высокапастаўленыя асобы, якія і зараз пры ўладзе ў Беларусі. Але праваабаронцы будуць і надалей прыцягваць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да гэтай справы, – сказаў Валянцін Стэфавновіч. Ён таксама падкрэсліў, што падобныя справы не маюць тэрміна даўніны. Прыклады Чылі і Аргентыны паказваюць, што вінаватыя ў злачынствах супраць чалавечнасці прыцягваюцца да адказнасці і праз многія дзясяткі гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота 90s.by