Скаргі апазіцыйных кандыдатаў пакінулі без задавальнення
Пакінуць скаргі без задавальнення! – пастанавіла гарадзенская абласная выбарчая камісія на зварот чатырох кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі БНФ, „Справядлівага сьвету”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Вадзіма Саранчукова, Валянціны Навумавай, Віктара Міхальчыка ды Віктара Данільчыка.
Кажа назіральнік у гарадзенскай абласной выбарчай камісіі ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель.
– Камісія разглядала гэтыя чатыры скаргі. Палічыла іх неабгрунтаванымі і вырашыла іх не задавальняць па той прычыне, што некаторыя з кандыдатаў, не маючы каманд, назіралі па адным толькі ўчастку па сваёй акрузе, а прасілі адмяніць вынікі выбараў па ўсёй акрузе. Адна скарга па акрузе №51 ад Вадзіма Саранчукова была разгледжана ў яго адсутнасць.
Кандыдаты не згодныя з рашэннем абласной камісіі і плануюць накіраваць іх у Цэнтральную выбарчую камісію.
Згодна з міжнароднымі стандартамі падліку галасоў падчас выбараў, участковыя камісіі павінны голасна называць за якога кандыдата быў бюлетэнь. Назіральнікі ад Беларускага Хельсінкскага камітэту рыхтуюць рэкамендацыі ў ЦВК на гэты конт.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня