Скаргі на неўключэнне ў акруговыя выбарчыя камісіі масава адхіляюцца
Прадстаўнікі апазіцыі адзначаюць, што былі да гэтага гатовыя, такім чынам яны дакументуюць парушэнні. 6 верасня па краіне прайшоў разгляд шэрагу грамадзянскіх спраў па скаргах апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў на неўключэнне іх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. Скаргі падавалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху “За Свабоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і партыі БНФ. Сваю пазіцыю ў судах патлумачыў беларускі юрыст, прадстаўнік партыі БНФ Юры Чавусаў:
– Звычайна абскарджваем гэтыя рашэнні, ведаючы, што суды такіх скаргаў ніколі не задавальняюць. Але гэта магчымасць азнаёміцца з тымі дакументамі, на падставе якіх фармуюцца камісіі, і яшчэ раз засведчыць незаконнасць фармавання такіх камісій нават з фармальнага пункту гледжання.
Партыя БНФ падала пяць скаргаў на фармаванне абласных і акруговых камісій ў Берасцейскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Менскай абласцях і ў горадзе Менску. Гэта своеасаблівая палітычная акцыя апазіцыі, удакладняе Юры Чавусаў.
– Зараз мы такую працэдуру здзейснілі ў Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай, Берасцейскай абласцях, у Менску. Па Берасцейскай вобласці яшчэ адна справа па Пружанах будзе разглядацца. Іншыя партыі таксама такія скаргі падаюць. Сказаць пра тое, што ёсць нейкія шанцы, што нейкія камісіі будуць перафарматаваныя, не выпадае. На жаль, суды ў нас залежныя ад тых органаў, якія гэтыя парушэнні здзяйсняюць.
Фармаванне камісіяў першага этапу сведчыць, у якім рэчышчы будзе праходзіць уся выбарчая кампанія: малая колькасць апазіцыянераў, дапушчаных да ўдзелу ў працы камісіяў, сведчыць пра нежаданне уладаў правесці дэмакратычныя выбары, заяўляюць палітыкі ад партыі БНФ.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя