Сход на фоне пратэстаў і павышаных мераў бяспекі



На Усебеларускі сход збярэцца 2700 чалавек. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра яго скліканне. А адпаведна пасля падпісання гэтага ўказа  – пачынаецца працэс вылучэння дэлегатаў. Сход пройдзе 11-12 лютага ў наступным годзе. І відавочна ён пройдзе на фоне павышаных мераў бяспекі, – кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, бо актыўныя пратэсты могуць вярнуцца, а такі сход, як інаўгурацыю – правесці таемна не атрымаецца.

– Трэба будзе мабілізаваць зноў амон, унутраныя войскі, каб гэтых нібыта найлепшых прадстаўнікоў народу адгароджваць ад разгневанага народу, таму што напэўна будуць выступы, будуць пратэсты супраць вось гэтай бутафорыі, супраць гэтай прафанацыі. Але сам сход напэўна пройдзе, і там усе ўзнімуць рукі за тыя рашэнні, якія прапануе Лукашэнка. Але факт і тое, што гэта ж яму не дадасць падтрымкі ў грамадстве. Канфлікт увесну можа разгарэцца з новай сілай.

Ужо сёння пачынаецца абранне дэлегатаў форуму. Лукашэнка сказаў, што гэта павінны быць людзі, якія прадстаўляюць усе пласты і групы насельніцтва, „увесь беларускі народ”, цытуе яго БЕЛТА.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя