„Сход народных дэлегатаў” звярнуўся да ўсіх палітычных сіл Беларусі



 „Сход народных дэлегатаў” звярнуўся да ўсіх палітычных сіл, уключаючы Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў, з заклікам далучыцца да адкрытых слуханняў аб выхадзе з палітычнага крызісу. Пра гэта паведаміў сакратар арганізацыі Юрый Данскоў на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў „Сходу” 19 сакавіка.

„Мы ўпэўненыя, што ўсе, каму неабыякавы лёс народа, возьмуць удзел у слуханнях і прадставяць свае планы. Наша праца — данесці гэтыя пазіцыі да людзей і, па сутнасці, забяспечыць зваротную сувязь. Гэта дазволіць нам аб’яднаць намаганні і зрабіць так, каб кожны зразумеў сваю ролю на шляху да пераменаў”, — цытуе Данскова прэс-служба арганізацыі.

Першыя слуханні пройдуць 23 сакавіка на YouTube-канале платформы „Сход”. Шэраг палітычных сіл ужо падалі свае матэрыялы, адзначылі ў прэс-службе.

„Дэлегаты „Сходу” выбраны грамадзянамі Беларусі наўпрост, гэта дае нам унікальную легітымнасць і права прадстаўляць іх інтарэсы. Мы пастаянна на сувязі з людзьмі. Для мяне важна, што „Сход” — незалежная, надпартыйная і адкрытая розным поглядам платформа. Мы будзем рады прадстаўнікам нават „Белай Русі”, калі яны гатовыя адкрыта дыскутаваць і шукаць кампраміснае рашэнне”, — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі кіраўнік платформы былы дыпламат Ігар Ляшчэня.

„Сход народных дэлегатаў” пачаў працу 20 лютага. У яго склад увайшоў 151 дэлегат, абраны ў выніку анлайн-галасавання на платформе „Сход”. Перадумовай для ініцыятывы сталі заклікі дзейнай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для вядзення нацыянальнага дыялогу. Стваральнікі заяўляюць, што платформа „цалкам незалежная ад любых палітычных штабоў” і адкрытая для беларусаў „з любымі палітычнымі поглядамі”.

У ліку абраных народных прадстаўнікоў — вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы: член асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Максім Баграцоў, стваральнік платформы „Голас” Павел Лібер, філосаф Уладзімір Мацкевіч, журналіст Ілья Дабратвор, былы дыпламат Ігар Ляшчэня, дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка, сустаршыня ГА „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, член КР Віталь Рымашэўскі і іншыя.

У якасці ключавой мэты першага склікання „Сходу” дэлегаты вызначылі пераадоленне палітычнага крызісу шляхам дыялогу ўнутры грамадства і грамадства з прадстаўнікамі ўлады на розных узроўнях.

Пасяджэнні „Сходу” праходзяць анлайн па суботах. Кожны ахвотны можа глядзець трансляцыю, задаваць пытанні, а таксама з дапамогай сайта платформы прапаноўваць сваім дэлегатам тэмы для працы.

belapan.by

Фота: © Sputnik