Склікаецца Усебеларускі кангрэс за незалежнасць



Адмысловы аргкамітэт заклікае правесці Усебеларускі кангрэс за незалежнасць Беларусі. На ім неабходна абмеркаваць складаную сітуацыю вакол канфлікту ва Украіне ды ўдзелу ў ім беларусаў. Для таго, каб справіцца з небяспекай і расейскай прапагандай, неабходная кансалідацыя ўсяго грамадства – гаворыцца ў звароце.

Ідэя правядзення Усебеларускага кангрэса за незалежнасць выспела пасля перамоваў ініцыятыўнай групы грамадзян з людзьмі з рэгіёнаў. Кажа каардынатарка аргкамітэта, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

Людзі вырашылі, што ёсць такая небяспека і трэба склікаць Усебеларускі кангрэс за незалежнасць тым, хто прытрымліваецца патрыятычных пазіцый, хто зацікаўлены ў захаванні нашай краіны, бо сітуацыя ў свеце няпростая, з кожным днём яна ўсё больш і больш ускладняецца. Таму вырашылі склікаць Усебеларускі кангрэс за незалежнасць.

Як адзначыла Алена Анісім, на чарговым пасяджэнні аргкамітэт абярэ сваё кіраўніцтва. Ініцыятары Усебеларускага кангрэса за незалежнасць чакаюць ад грамадзян прапановаў наконт падрабязнасцяў яго правядзення.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Арцёма Канцавога