Следчы камітэт Беларусі і МУС Расеі падпісалі пагадненне аб супрацы
Следчы камітэт Беларусі і МУС Расеі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент быў падпісаны 18 верасня ў Наваполацку кіраўніком СК Іванам Наскевічам і міністрам унутраных спраў Расеі Уладзімірам Калакольцавым.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, згодна з дакументам, асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з’яўляюцца арганізацыя і забеспячэнне выканання міжнародных дагавораў у крымінальна-прававой сферы, барацьба з арганізаванай злачыннасцю на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, забеспячэнне абароны правоў і свабод грамадзян, а таксама падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў для органаў папярэдняга расследавання дзвюх краін.
Пагадненне прадугледжвае такія формы супрацоўніцтва, як абмен інфармацыяй, вопытам работы і аказанне садзеяння пры правядзенні даследчых праверак, правядзенне азнаямленчых візітаў, стажыровак, сумесных мерапрыемстваў і навуковых даследаванняў.
„Гэтае пагадненне мае для нас немалаважнае значэнне, паколькі пераважная колькасць даручэнняў аб аказанні міжнароднай прававой дапамогі прыпадае менавіта на Расійскую Федэрацыю, — сказаў Наскевіч. — Падпісанне гэтага дакумента дасць магчымасць супрацоўнічаць з Міністэрствам унутраных спраў Расійскай Федэрацыі ў розных сферах, умацуе нашы адносіны і будзе спрыяць далейшаму іх развіццю”.
Наскевіч адзначыў, што пагадненне працягне двухбаковае партнёрства, дасць магчымасць павысіць прафесійны ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў Следчага камітэта Беларусі і ўдасканальваць следчую працу шляхам ўкаранення станоўчага вопыту, дасягненняў навукі і тэхнікі МУС Расіі.
У сваю чаргу Калакольцаў адзначыў плённую сумесную працу беларускіх і расейскіх праваахоўных органаў. На яго думку, падпісанне пагаднення выведзе супрацоўніцтва двух ведамстваў на больш высокі ўзровень.
Паводле інфармацыі прэс-службы МУС Беларусі, у Наваполацку сёння прайшло пасяджэнне аб’яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы. На мерапрыемстве абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння ў сферы забеспячэння бяспекі дарожнага руху, а таксама пры правядзенні буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў.
Адкрываючы пасяджэнне, міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч сказаў: „Прыемна, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў арганізацыі дарожнай бяспекі заўсёды захоўвалася на высокім узроўні. Узаемадзеянне праваахоўнікаў носіць актыўны і наступальны характар, зладжаная і сістэмная праца з году ў год дэманструе станоўчую дынаміку”.
Паводле яго слоў, свабода перамяшчэння ў рамках Саюзнай дзяржавы актыўна выкарыстоўваецца ў непрыстойных мэтах правапарушальнікамі, якія спрабуюць перасячы „празрыстыя” межы, каб пазбегнуць пакарання. У сувязі з гэтым патрабуецца ўдасканаленне парадку прыцягнення да адказнасці парушальнікаў ПДР, якія з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і Расеі.
Шуневіч таксама адзначыў, што хуліганскія дзеянні і масавыя парушэнні грамадскага парадку на стадыёнах або ў непасрэднай блізкасці ад іх з’яўляюцца сур’ёзнай сацыяльнай праблемай сучаснасці, прычыны якой у асноўным знаходзяцца за межамі спорту. Ён лічыць, што неабходна аб’яднаць сумесныя намаганні па супрацьдзеянні хуліганскім паводзінам гледачоў пры правядзенні спартыўных мерапрыемстваў.
Фота sputnik.by