Следчы камітэт пачаў яшчэ адну справу супраць Ціханоўскай і Латушкі
У дачыненні да Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі ўзбуджаная чарговая крымінальная справа.
Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканалу „Беларусь 1”.
Крымінальная справа ўзбуджаная паводле арт. 382 (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы) КК Беларусі. Санкцыі паводле гэтым артыкуле прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўлення волі.
„Абвінавачаныя Ціханоўская і Латушкі па ўзгадненні з іншымі ўдзельнікамі змовы ў парушэнні патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі, стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і кіравання і прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой. І працягваючы свае злачынныя дзеянні ўступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый”, — сказаў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.
На Ціханоўскую раней завялі пяць крымінальных спраў:
паводле ч.1 ст.361–1 Крымінальнага кодэксу — па факце стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім; паводле ч.1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; паводле ч.1 арт. 13, ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да масавых беспарадкаў; паводле ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 292 Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да захопу будынкаў і збудаванняў; паводле ч.1 арт. 14 і ч.3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу — замах на акт тэрарызму.