Следчы камітэт пракаментаваў вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў
Вобшукі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў у Менску, а таксама ў журналістаў і праваабаронцаў у рэгіёнах праводзяцца ў рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Гэта вынікае з паведамлення прэс-службы Следчага камітэта.
„У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя, — гаворыцца ў паведамленні. — Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”.
Раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў.
У Менску сілавікі прыйшлі дадому да кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца, а таксама яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева. Бастунца прывезлі ў офіс БАЖ, дзе будзе праходзіць вобшук.
Прайшоў вобшук у юрысткі Крысціны Рыхтэр, у яе забралі тэлефон і дакументы, якія тычацца дзейнасці БАЖ.
У Гомелі сілавікі прыйшлі да журналісткі-фрылансара Ларысы Шчыраковай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у яе праводзіцца вобшук у рамках справы паводле арт. 362 КК (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама праводзіцца вобшук у журналіста Анатоля Гатоўчыца і валанцёра Валерыя Сляпухіна.
З’явілася інфармацыя пра вобшукі ў членаў магілёўскага аддзялення „Вясны” Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. Вобшук праходзіць і ў журналіста-фрылансара Аляксандра Буракова-малодшага.
Сілавікі таксама прыйшлі да каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, праваабаронцы „Вясны” Андрэя Палуды.
У Мазыры праходзяць вобшукі ў праваабаронцаў Уладзіміра Целепуна і Алены Маслюковай.
У Берасці з вобшукамі прыйшлі да бацькоў валанцёраў ПЦ „Вясна” Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Тэлефон праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна недаступны.
З раніцы таксама недаступныя тэлефоны юрыста ПЦ „Вясна” Паўла Сапелкі і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва.