Следчы камітэт выпусціў Алеся Міхалевіча ў Чэхію
Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, атрымаў дазвол ад Следчага камітэту на выезд у Чэхію.
Пры гэтым ён працягвае заставацца ў статусе падазраванага ў арганізацыі „масавых беспарадкаў” 19 снежня 2010 года. А згодна з беларускім заканадаўствам асобы, якія знаходзяцца пад следствам, могуць выехаць за мяжу Беларусі толькі з адмысловага дазволу следчых органаў.
У Празе Міхалевіч плануе вырашыць некаторыя пытанні ў тым ліку адносна свайго палітычнага прытулку. Пасля чаго палітык вернецца ў Беларусь.
«І само па сабе гэта вельмі дзіўна, бо ў мяне асабліва цяжкі артыкул, па якіх звычайна нічога не дазваляюць… Я хачу адмовіцца ад палітычнага прытулку ў Чэхіі, паколькі гэта статус, які патрабуе знаходзіцца там і весці там дзейнасць. Ці па меншай меры — плаціць медыцынскае страхаванне», — распавёў палітык Еўрарадыё.
Нагадаем, што Міхалевіч быў затрыманы 19 снежня 2010 году і апынуўся ў турме КДБ. Выйшаўшы адтуль напрыканцы лютага 2011-га, распавёў пра катаванні. Пасля гэтага палітык таемна пакінуў Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. На радзіму ён вярнуўся сёлета восьмага верасня.