Следчыя разглядаюць дзве версіі гібелі Віталя Шышова
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка заявіў, што следчыя сканцэнтраваныя на расследаванні дзьвюх версій гібелі аднаго з кіраўнікоў „Беларускага дому ва Украіне” Віталя Шышова. А гэта: самагубства і забойства з імітаваннем самагубства.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.
– Прыблізна а 7.40 было знойдзена цела трагічна загінулага Шышова Віталя. Намі адкрыта крымінальная вытворчасць па ч.1 арт. 115 Крымінальнага кодэксу Украіны – гэта наўмыснае забойства. Зараз мы праводзім комплекс захадаў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх абставін смерці пацярпелага.
Таксама кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка паведаміў падрабязнасці пра ранейшую інфармацыю, якая была агучаная, што ў Віталія Шышова быў зламаны нос. І ўдакладніў, што канчаткова стан мусіць вызначыць экспертыза:
– У яго выяўлены драпіны, проста здзертая скура на носе, на левым калене і на грудзях. І, калі не змяняе памяць, невялікія пацёртасці на верхняй частцы губы. Гэта ўсё характэрна для разавага падзення, як сказалі эксперты.
Ігар Кліменка паведаміў, што Віталь Шышоў не звяртаўся ва ўкраінскую паліцыю з заявамі пра тое, што за ім сочаць. На прэсавай канферэнцыі прадэманстравалі фотаздымкі з асабістымі рэчамі загінулага, знойдзеныя на месцы гібелі, сляды, а таксама вяроўку, складзеную ў чатыры разы.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novynarnia.com