Следства гаворыць пра „асцярожны аптымізм” у справе Шарамета
“Пакуль мы не можам сказаць пра які-небудзь вынік па справе Паўла Шарамета, – кажа дырэктар Дэпартамента камунікацый Міністэрства унутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка. - Следства, крымінальны вышук у прыватнасці, кажа пра асцярожны аптымізм, пакуль не расшыфроўваючы гэта, – дадае Арцём Шаўчэнка.
Па словах дырэктара Дэпартамента камунікацый МУС Украіны Арцёма Шаўчэнкі, злачынства не раскрытае, але ідзе актыўная праца ў гэтым накірунку. Да таго ж за гэты час па ходзе следства было раскрыта каля тысячы розных злачынстваў.
– Нам пашкодзіла тое, што відэа з камер назірання, дзе зафіксаваныя двое патэнцыйных злачынцаў, трапіла ў адкрыты доступ, праз пару дзён усе ўжо абмяркоўвалі гэтае відэа. Акрамя гэтага відэа ёсць шмат файлаў агульным аб’ёмам да тэрабайтаў, якія былі канфіскаваныя , якія аналізуюцца следствам і аператыўнікамі. Ёсць вялізны масіў інфармацыі. Больш пакуль мы нічога сказаць не можам.
Павел Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 45 год таму і загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву аўтамабіля. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце.
Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым, прафесійная дзейнасць, дэстабілізацыя становішча ў Кіеве, памылка – машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала ўладальніцы газеты „Украинская правда” Алёне Прытуле.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя