Слонімцы патрабуюць справаздачы ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў



Жыхары Слоніма накіравалі дэпутату Палаты прадстаўнікоў Слонімскай выбарчай акругі № 58 Валянціну Семяняку калектыўны зварот з патрабаваннем зрабіць справаздачу перад выбаршчыкамі. Пад зваротам падпісаліся амаль 400 грамадзян.

У звароце паведамляецца, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў абавязаны перыядычна, але не радзей адзін раз на год, рабіць справаздачу перад выбаршчыкамі акругі пра сваю працу, пра ход выканання перадвыбарнай праграмы, пра дзейнасць Палаты прадстаўнікоў і тых яе органаў, у склад якіх ён выбраны або ўваходзiць па службе. Справаздача дэпутата можа быць праведзена таксама па патрабаванні не менш за 300 выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчай акругі.

“У сувязі з гэтым мы патрабуем правесці сустрэчу з выбаршчыкамі Слонімскай выбарчай акругі і зрабіць падрабязную справаздачу па кожным пункце вашых перадвыбарных абяцанняў і пра іншыя вашы дзеянні на працягу тэрміну паўнамоцтваў, а таксама адказаць на нашы пытанні”, – паведамляецца ў звароце слонімцаў.

Варта нагадаць, што нядаўна слонімцы хацелі правесці сход па адкліканні дэпутата Семянякі. Аднак Слонімскі раённы Свет дэпутатаў адмовіў у правядзенні сходу.

Беларускае Радыё Рацыя