Слонімцы выступаюць супраць інтэграцыі з Расеяй



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 22 снежня прынялі палітычную адозву.

У ёй паведамляецца наступнае:

Мы, грамадзяне Беларусі, жыхары Слоніма, прадстаўнікі Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл, выступаем за Незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь. Выказваем свой катэгарычны пратэст супраць сакрэтных перамоваў, накіраваных на «глыбокую інтэграцыю» з Расейскай Федэрацыяй, падпісання «дарожных картаў», якія ставяць пад пагрозу існаванне незалежнай Беларусі.

Лукашэнка і Пуцін падпісалі пакет дакументаў аб так званай «глыбокай інтэграцыі», якая накіравана на паступовае паглынанне Беларусі Расеяй. Так званыя »дарожныя карты» прадугледжваюць уніфікацыю законаў і практыкі дзвюх краін па расейскай мадэлі. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра страту беларускага нацыянальнага суверэнітэту.

Заяўляем аб нелегітымнасці любых падпісаных пагадненняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нашым нацыянальным інтарэсам.

Мы выступаем за сяброўскія і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі свету, у тым ліку і з Расеяй і з Еўропай. Аднак мы супраць якіх-небудзь інтэграцыйных працэсаў з Расейскай Федэрацыяй.

Заклікаем улады Беларусі спыніць пераслед грамадзян Беларусі, якія адкрыта на мірных акцыях і інтэрнэт-прасторы выступаюць за Незалежнасць Беларусі. Незалежнасць – гэта наш шлях да Свабоды!

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім