Смаленская катастрофа: На крыле Ту-154М знайшлі сляды выбуху
Крыло самалёта польскага прэзідэнта Леха Качыньскага, які пацярпеў крушэнне пад Смаленскам у 2010 годзе, пачало разбурацца да сутыкнення з дрэвам, лічыць падкамісія, якая расследуе трагедыю.
Падкамісія, якая вядзе новае расследаванне авіякатастрофы, прыйшла да высновы, што разбурэнне крыла прэзідэнцкага борта мае прыкметы выбуху. Пра гэта паведамляе „Польскае радыё”.
Падкамісія пад кіраўніцтвам доктара Казімежа Новачыка 25 ліпеня 2016 узгадніла сваю пазіцыю аб папярэдніх прычынах распаду левага крыла Ту-154М.
У прыватнасці, гаворыцца, што крыло пачало разбурацца да сутыкнення з дрэвам. Акрамя таго, на ім выявілі прыкметы выбуху.
Самалёт Ту-154, у якім знаходзіліся прэзідэнт Польшчы Лех Качынські з жонкай Марыяй і 86 членамі ўрадавай дэлегацыі, разбіўся пад Смаленскам сем гадоў таму – 10 красавіка 2010 года. Усе, хто знаходзіўся на борце, загінулі.
Па версіі Расеі, авіякатастрофа адбылася пасля патрабавання камандуючага паветранымі сіламі Польшчы Анджэя Бласіка ісці на пасадку, нягледзячы на складаныя метэаўмовы. У Польшчы гэтую версію адвяргаюць.
У сакавіку 2015 года Галоўная ваенная пракуратура Польшчы выставіла абвінавачаньне двум дыспетчарам аэрапорта Смаленска ў справе аб катастрофе самалёта.
У лютым 2016 года Польшча ініцыявала паўторнае расследаванне абставінаў крушэння Ту-154. У мінабароны Польшчы заяўлялі, што самалёт мог разбурыцца ў паветры.
3 красавіка 2017 года стала вядома, што Польшча мае намер вылучыць абвінавачванні ў наўмысным правакаванні трагедыі пад Смаленскам двум расейскім авіядыспетчарам і невядомаму чалавеку, які знаходзіўся ў вежы кантролю палётаў. Крэмль абверг абвінавачваньні.
У фільме ўрадавай падкамісіі Польшчы па расследаванні Смаленскай катастрофы, прадстаўленым 10 красавіка ў Варшаве, гаворыцца, што на борце самалёта Ту-154 перад сутыкненнем з зямлёй, верагодна, адбыўся выбух тэрмабарычнага зарада.
Фота rmf24.pl