Сойм Партыі БНФ адбыўся на Лідчыне
Чарговы Сойм Партыі БНФ адбыўся на Лідчыне ў аграсядзібе “Гасціна”. Выязны фармат паседжання кіруючага органа партыі абраны ў звязку з пандэміяй каронавіруса і з мэтаю нефармальнай сустрэчы яго сябраў у адным з рэгіёнаў краіны.
У выніку паседжання Сойм прыняў заяву аб недапушчэнні далейшага ўдзелу кандыдатаў у выбарах прэзідэнта Беларусі. Згодна з прынятай заявай, Партыя БНФ заклікае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў так званых “каронавыбарах” і засяродзіцца на назіранні за імі.
Тлумачыць намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
– Усё зараз гаворыць пра тое, што няма чаго рабіць сумленным палітыкам у гэтай кампаніі надалей, таму што мы бачым, што беспрэцэдэнтна ўлада ўжывае сілу, гвалт і беззаконне. Ужо цяпер абмежаваныя ўсе магчымыя сродкі выбарчай агітацыі. І нам здаецца, што для краіны самым правільным будзе рашэннем, калі ўсе кандыдаты здымуцца, і да гэтага іх заклікаем.
На Сойме таксама была дадзеная ацэнка бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне і абмеркаваныя планы дзейнасці партыі пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя