Спачуванні ахвярам тэрактаў у Парыжы выказалі лідары Польшчы



Сусветныя лідары асудзілі тэрарыстычную атаку на Парыж і выказалі салідарнасць з французскім народам. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіраваў спачувальную тэлеграму прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду. Ад імя польскага народа ён выказаў спачуванне сем’ям і блізкім ахвяраў. “Мы молімся за ўсіх тых, каго закрануў гэты беспрэцэндэнты акт варварства,” – напісаў Анджэй Дуда. Ён запэўніў Аланда, што ў гэтыя цяжкія хвіліны Францыя можа разлічваць на любую дапамогу з боку ўладаў Польшчы і польскага народу. “Тэрарысты здзейснілі замах у сэрцы еўрапейскай цывілізацыі – яны напалі на Парыж, горад, які з’яўляецца скарбніцай гэтай цывілізацыі і дарагі шмат каму з палякаў,” – напісаў Анджэй Дуда і дадаў, што тэрарыстам не ўдасца зламаць дух францускага народа. Сваю тэлеграму прэзідэнт Польшчы завершыў славамі “Vive la France! – Няхай жыве Францыя!”

Словы спачуванняў і салідарнасці выказала таксама і выконваючая абавязкі прэм’ер-міністра Польшчы Эва Копач:

– Хацела б сказаць і ад свайго ўласнага імя, але перадусім ад імя польскага народа, што з нашай краіны плыне вялікі смутак, але таксама салідарнасць з французскім народам, і дэкларацыя. Вельмі важная дэкларацыя, што сёння не толькі палякі, не толькі еўрапейцы, але і ўсе народы свету павінны быць аднадумныя адносна таго, што трэба змагацца з тэрарызмам. Гінуць нявінныя людзі, а свет не можа даць рады. Моцныя размовы, павелічэнне тэмпу працы і стварэнне новай стратэгіі барацьбы з тэрарызам – усё гэта павінна стаць прыярытэтам бліжэйшага часу.

Эва Копач сустрэлася з амбасадарам Францыі ў Польшчы. Так, як і шэраг жыхароў польскай сталіцы, склала кветкі перад будынкам французскай амбасады, а таксама пакінула запіс у кнігу спачуванняў. Цяпер яна прымае ўдзел у паседжанні антыкрызіснага цэнтру.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя