Трамп чакае, што Расея верне Крым Украіне
Прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разлічвае на вяртанне Крыма ў склад Украіны, перадае Reuters.
«Прэзідэнт Трамп вельмі ясна даў зразумець, што ён чакае ад урада Расеі дээскалацыі гвалту ва Украіне і вяртання Крыму», — сказаў Спайсер. Ён таксама дадаў, што Трамп «чакае, што паладзіць з Расіяй, і жадае гэтага».
Акрамя таго, прэс-сакратар Белага дома распавёў, што давер Трампа да дарадцы Майкла Фліна «быў падарваны».
«Праблемай, шчыра кажучы, быў падрыў даверу», — падкрэсліў Спайсер. Паводле яго слоў, Трамп не казаў Фліну абмяркоўваць амерыканскія санкцыі супраць Расеі з расейскім дыпламатам.
