СПЧ ААН патрабуе ад уладаў Беларусі правядзення свабодных і справядлівых выбараў



Савет па правах чалавека ААН 24 сакавіка прыняў рэзалюцыю „Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх”. За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 20 краін, супраць — 7, устрымаліся — 20.

Рэзалюцыю на разгляд 46-й сесіі СПЧ унесла дэлегацыя Партугаліі ад імя Еўразвязу. Суаўтарамі дакумента таксама пазначаныя Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Ліхтэнштэйн, Манака, Маршалавы Астравы, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сан-Марына, Украіна, Чарнагорыя, Швейцарыя і Японія.

Да праекта рэзалюцыі былі ўнесеныя 14 паправак. Шэсць з іх падала дэлегацыя Беларусі, сем — Расеі, адну — Кітая.

Дэлегацыя Беларусі, у прыватнасці, прапаноўвала выключыць з рэзалюцыі шэраг пунктаў, у якіх асуджаліся парушэнні правоў чалавека, што працягваюцца ў краіне, гаварылася аб невыкананні ўрадам Беларусі абавязацельстваў адносна права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на свабодных і справядлівых перыядычных выбарах, выказвалася заклапочанасць з нагоды паведамленняў аб шматлікіх актах катавання і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відах абыходжання.

Расейская дэлегацыя прапанавала змяніць назву рэзалюцыі на „Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Іншыя расейскія папраўкі прадугледжвалі змену зместу асобных пунктаў рэзалюцыі. Напрыклад, гэта тычылася пункта 7, у якім у арыгінале ўлады Беларусі заклікаюць „забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў і пачаць сапраўдны дыялог з палітычнай апазіцыяй, уключаючы Каардынацыйную раду і грамадзянскую супольнасць”. Прапанаваная Расеяй папраўка казала пра неабходнасць пачаць дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю без згадвання палітычнай апазіцыі і Каардынацыйнай рады.

Кітай прапанаваў унесці новы пункт у прэамбулу рэзалюцыі. У ім гаварылася, што СПЧ выказвае „сур’ёзную занепакоенасць негатыўным уздзеяннем аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека, развіццё, міжнародныя адносіны, гандаль, інвестыцыі і супрацоўніцтва” і падкрэслівае „неабходнасць адсочваць парушэнні правоў чалавека, звязаныя з аднабаковымі прымусовымі мерамі, і паведамляць пра іх, садзейнічаць прыцягненню да адказнасці ў мэтах стрымлівання будучых парушэнняў і даваць кампенсацыю ахвярам”.

Паводле вынікаў галасавання па папраўках усе яны былі адхіленыя.

Намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Жэневе Андрэй Таранда заявіў, што Менск „адхіляе ўсе абвінавачанні і суб’ектыўныя ацэнкі аўтараў рэзалюцыі”. „Мы таксама ставім сабе важную мэту — утрымаць савет ад прыняцця абсурднага ў сваім наватарстве тэксту, які выходзіць за межы прававога мандата СПЧ ААН і УВКПЧ, вызначанага Генасамблеяй ААН, прадпісваючы вярхоўнаму камісару [па правах чалавека] нейкімі неўстаноўленымі экспертамі збіраць, зводзіць разам, захоўваць і аналізаваць інфармацыю і сведчанні ў дачыненні да меркаваных парушэнняў правоў чалавека з мэтай садзейнічання прыцягнення вінаватых да правасуддзя і забеспячэння справядлівасці для ахвяр і па магчымасці выяўлення тых, хто нясе за гэта адказнасць, — сказаў ён. — Такім чынам, Еўразвяз па сутнасці хоча ўпаўнаважыць вярхоўнага камісара ўзначаліць нейкую судовую інстанцыю. Праект рэзалюцыі ўрываецца ў мандат вярхоўнага камісара, недатыкальнасць якога так актыўна адстойваюць дзяржавы, уключаючы ЕЗ”.

„Мы хочам утрымаць савет ад стварэння прэцэдэнту па ўмяшанні гэтага органа ва ўнутраныя справы дзяржавы, наўпрост звязаныя з выбарчай тэматыкай”, — дадаў Таранда.

Прадстаўнік Расеі ў СПЧ ААН заявіў: „Не здолеўшы разгайдаць сітуацыю ў краіне непасрэдна пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у жніўні, Еўразвяз чарговым разам спрабуе выкарыстаць СПЧ для дасягнення сваіх карыслівых мэтаў, ствараючы ўяўную бачнасць міжнароднай падтрымкі”.

Паводле яго слоў, „некарэктна сцвярджаць аб дрэнным стане” з правамі чалавека ў Беларусі ва ўсіх сферах і далейшым пагаршэнні сітуацыі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі.

„У нас ёсць абгрунтаваныя сумненні ў дачыненні да ўсіх тых пералічаных парушэнняў правоў чалавека, у якіх абвінавачваюць улады Беларусі, — сказаў прадстаўнік Расеі. — Спасылкі на некаторыя з іх мы не змаглі знайсці ні ў адным афіцыйным дакладзе, пададзеным на разгляд савету. Пры гэтым мы не адмаўляем, што пэўныя парушэнні маглі мець месца. Гэта пацвердзілі і афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, якія заявілі, што расследаванне ўсіх гэтых выпадкаў ужо вядзецца”.

Варта адзначыць, што на 24 сакавіка ўсё яшчэ не распрачата ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў паводле заяў пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў.

У рэзалюцыі гаворыцца, што СПЧ „выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з агульным становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі і яго пагаршэннем напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і пасля іх”.

„СПЧ асуджае працяг грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, у тым ліку сістэматычную адмову ў правах чалавека і асноўных свабодах, адвольныя затрыманні і арышты прадстаўнікоў апазіцыі, журналістаў і работнікаў СМІ, праваабаронцаў і грамадзян у цэлым за ажыццяўленне імі правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначаныя работнікам сродкаў масавай інфармацыі за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што беларускі ўрад не выканаў свае абавязацельствы ў дачыненні да „права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на свабодных і справядлівых перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні, гарантуюць свабоднае волевыяўленне выбарцаў”.

У рэзалюцыі выказваецца „сур’ёзная заклапочанасць” у сувязі з паведамленнямі аб тым, што перад і пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне „былі здзейсненыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы шматлікія акты катаванняў; гвалтоўныя знікненні; выкраданні і адвольныя выправаджэнні, у тым ліку палітычна матываванае адвольнае выправаджэнне з тэрыторыі Беларусі членаў Каардынацыйнай рады; адвольныя затрыманні і арышты, у тым ліку непаўналетніх; акты сексуальнага і гендарнага гвалту; адвольнае пазбаўленне жыцця; напады, запалохванне і адвольнае пазбаўленне волі членаў палітычнай апазіцыі, уключаючы членаў Каардынацыйнай рады, праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, журналістаў”, а таксама „людзей, якія імкнуцца мірна ажыццяўляць свае грамадзянскія і палітычныя правы”.

У дакуменце згадваецца, што беларускія ўлады пазбавілі акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, а таксама заблакавалі сайты шэрагу незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

„СПЧ выказвае асаблівую заклапочанасць паведамленнямі аб шматлікіх актах катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відах абыходжання і пакарання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пенітэнцыярных устаноў, у тым ліку ў турмах і ізалятарах, у сувязі з якімі патрабуецца неадкладнае правядзенне незалежнага расследавання, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — СПЧ выказвае шкадаванне з нагоды таго, што Беларусь, будучы дзяржавай — удзельніцай Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, не выканала свае абавязацельствы па гэтай дамове, што сведчыць аб існаванні даўняй, хранічнай практыкі сістэмных парушэнняў і беспакаранасці”.

Савет па правах чалавека заклікае ўлады Беларусі спыніць прымяненне празмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў, а таксама катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, гвалтоўных знікненняў. Акрамя таго, падкрэсліваецца ў дакуменце, павінна быць спыненая практыка адвольных затрыманняў, арыштаў і турэмнага зняволення людзей за ажыццяўленне імі сваіх правоў чалавека. „СПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, членаў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і тых, хто быў затрыманы напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека і асноўных свабод”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

СПЧ таксама „заклікае  ўлады Беларусі забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў і пачаць сапраўдны дыялог з палітычнай апазіцыяй, уключаючы Каардынацыйную раду і грамадзянскую супольнасць, у мэтах аднаўлення і падтрымання вяршэнства права, дэмакратыі і паважання нормаў і стандартаў правоў чалавека і з гэтай мэтай канструктыўна ўзаемадзейнічаць з АБСЕ”.

У рэзалюцыі прызнаецца „важная роля, якую адыгрываюць журналісты і грамадзянская супольнасць, у тым ліку праваабаронцы, у прыватнасці жанчыны-праваабаронцы, у працягу ажыццяўлення надзённа неабходнай праваабарончай дзейнасці, у тым ліку шляхам дакументавання і маніторынгу ў гэтых складаных абставінах сцвярджэнняў аб парушэннях правоў чалавека напярэдадні выбараў, падчас іх правядзення і пасля іх”.

Савет па правах чалавека заклікае ўлады краіны выконваць свае абавязацельствы па забеспячэнні правоў грамадзян на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, забароны катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, а таксама свабоды меркаванняў і іх свабоднага выказвання, уключаючы свабоду СМІ.

„СПЧ падкрэслівае неабходнасць прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека, што мае вырашальнае значэнне для прадухілення далейшых парушэнняў, і шкадуе, што на сённяшні дзень нішто не сведчыць аб тым, што ў Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы пасля тысяч скаргаў, пададзеных меркаванымі ахвярамі катаванняў або іншых відаў жорсткага абыходжання, або што былі выстаўленыя крымінальныя абвінавачанні ў сувязі са смерцю па меншай меры чатырох чалавек у кантэксце пратэстаў, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — СПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі забяспечыць правядзенне незалежных, транспарэнтных і бесстаронніх расследаванняў усіх паведамленняў аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у кантэксце выбараў, уключаючы сцвярджэнні аб прымяненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання ў дачыненні да затрыманых і ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама гвалтоўных знікненняў, і гарантаваць даванне ахвярам доступу да правасуддзя і кампенсацыі шкоды і прыцягненне вінаватых да поўнай адказнасці”.

Акрамя таго, СПЧ зноў заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (афіцыйны Менск не прызнае мандат і не дазваляе спецдакладчыку візіт у краіну. — БелаПАН.).

У рэзалюцыі ўтрымліваецца просьба да вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека „ўсебакова вывучыць усе паведамленні аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 мая 2020 года, уключаючы магчымыя гендарныя аспекты такіх парушэнняў, устанавіць факты і абставіны, звязаныя з меркаванымі парушэннямі, а таксама збіраць, зводзіць разам, захоўваць і аналізаваць інфармацыю і сведчанні з мэтай садзейнічання прыцягненню вінаватых да правасуддзя і забеспячэння справядлівасці для ахвяр і, па магчымасці, выяўлення тых, хто нясе за гэта адказнасць”.

Вярхоўнаму камісару таксама даручана: выносіць агульныя рэкамендацыі па паляпшэнні захавання і абароны правоў чалавека і ў выпадку неабходнасці даваць указанні адносна доступу да правасуддзя і прыцягнення да адказнасці; узаемадзейнічаць з уладамі Беларусі і ўсімі зацікаўленымі бакамі, у прыватнасці з беларускай, рэгіянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, установамі сістэмы ААН, АБСЕ і адпаведнымі дзяржавамі, „з мэтай абмену інфармацыяй, па меры неабходнасці, і аказання падтрымкі нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным намаганням, скіраваным на садзейнічанне прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”.

„СПЧ заахвочвае ўсе намаганні, у тым ліку з боку беларускіх і міжнародных груп грамадзянскай супольнасці, па дакументаванні парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека ў Беларусі”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Супраць рэзалюцыі прагаласавалі Балівія, Венесуэла, Кітай, Куба, Расея, Філіпіны, Эрытрэя.

БелаПАН

Фота: hrw.org