Спецдакладчык ААН Ірэн Хан просіць улады Беларусі дазволіць ёй наведаць краіну



Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан просіць улады Беларусі дазволіць ёй наведаць краіну.

Пра гэта яна заявіла 22 студзеня падчас неафіцыйнага пасяджэння высокага ўзроўню ў Савеце бяспекі ААН для абмеркавання сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі, арганізаванага з ініцыятывы Эстоніі. Анлайн-трансляцыя мерапрыемства вялася на сайце МЗС Эстоніі.

„Абмежаванні медыя ў Беларусі не новая з’ява, на жаль, — сказала Хан. — Але пасля маштабных пратэстаў, якія адбыліся ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта ў жніўні, незалежныя СМІ знаходзяцца пад жорсткай атакай. Больш за 400 журналістаў былі арыштаваныя ў мінулым годзе, многія з іх зведалі напады, жорсткае абыходжанне. І ўсё гэта толькі за тое, што яны проста рабілі сваю працу”.

У сваім выступленні Хан згадала адключэнне інтэрнэту ў Беларусі ў жніўні, пазбаўленне акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ і блакаванне сайтаў беларускіх СМІ. „Такія дзеянні несумяшчальныя з абавязацельствамі ў сферы правоў чалавека, прадугледжаных міжнародным заканадаўствам”, — падкрэсліла спецдакладчык.

Хан адзначыла, што ніводнае парушэнне правоў журналістаў, у тым ліку іх затрыманні, не былі расследаваныя, а вінаватыя не былі прыцягнутыя да адказнасці. Яна падкрэсліла, што за апошнія месяцы рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі толькі ўзмацніліся. У прыватнасці, спецдакладчык згадала справу журналісткі партала tut.by Кацярыны Барысевіч і пазбаўленне партала статусу СМІ, затрыманне супрацоўнікаў „Прэс-клуба Беларусь”, адмовы друкарняў супрацоўнічаць з незалежнымі СМІ.

„Я заклікаю ўлады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і вызваліць усіх затрыманых журналістаў, а таксама тых, хто быў незаконна затрыманы за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду слова і свабоду сходаў, а таксама зняць усе абмежаванні з незалежных СМІ”, — сказала Хан.

belapan.by