Спецдакладчык ААН па Беларусі: Сітуацыя ў краіне яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай



Сітуацыя ў Беларусі яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай, як у апошні месяц, заявіла спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, выступаючы 4 верасня перад Саветам бяспекі ААН.

„Яшчэ больш трывожна, што сітуацыя працягвае пагаршацца, — сказала яна. — Гэтыя падзеі, беспрэцэдэнтныя для Беларусі, патрабуюць павышанай увагі з боку міжнароднай супольнасці, паколькі існуе вялікая рызыка таго, што спіраль гвалту можа пагражаць рэгіянальным міру і бяспецы”.

Паводле слоў Марэн, выбарчы працэс паказаў, наколькі беларускія ўлады абмяжоўваюць права сваіх грамадзян на ўдзел у грамадскім жыцці. „Як я заяўляла ў сваім дакладзе Генеральнай асамблеі, апублікаваным год таму, у заканадаўстве і на практыцы не адбылося зменаў, якія маглі б даць надзею, што выбары ў Беларусі будуць адпавядаць міжнародным крытэрам свабодных, справядлівых і празрыстых, — сказала яна. — Палітычнае поле было зачышчанае, каб не дапусціць удзелу трох самых папулярных кандыдатаў: двое былі арыштаваныя да пачатку кампаніі па палітычна матываваных абвінавачаннях, а трэці не быў зарэгістраваны па той прычыне, што нібыта не сабраў патрэбную колькасць подпісаў. Грубая фальсіфікацыя на этапе падліку галасоў, адзначаная мясцовымі назіральнікамі і некаторымі сумленнымі выбарчымі камісіямі, сведчыць аб недастатковай легітымнасці дзейнага прэзідэнта ў насельніцтва. Такім чынам, яго жаданне застацца ва ўладзе пасля заканчэння цяперашняга тэрміну паўнамоцтваў, па ўсёй бачнасці, з’яўляецца асноўнай прычынай крызісу, які дэстабілізаваў краіну”.

Марэн таксама зазначыла, што Аляксандр Лукашэнка і яго прыхільнікі „ўпарта адмаўляюцца пачынаць дыялог, які быў бы адзіным спосабам прымірыць людзей з уладамі, улічваючы сур’ёзныя парушэнні свабоды мірных сходаў, што ўсе бачылі ў ноч выбараў”.

Спецдакладчык падкрэсліла, што рэакцыя сілавых структур на мірныя пратэсты была „жорсткай і несувымернай”.

„Стыхійныя дэманстрацыі працягваюцца штодня ўжо чатыры тыдні і распаўсюдзіліся на ўсе слаі грамадства, ад працоўных да студэнтаў, — сказала Марэн. — Не маючы магчымасці знайсці лідараў гэтага новага тыпу народнага паўстання, сілавікі выкарыстоўвалі празмерную і неапраўданую сілу для адвольных арыштаў дэманстрантаў, журналістаў, выпадковых мінакоў, жанчын і нават дзяцей. Некаторых затрымлівалі на вуліцах людзі ў цывільным і без знакаў прыналежнасці да праваахоўных органаў”.

Марэн таксама зазначыла, што сабраныя факты пра ўжыванне катаванняў сведчаць аб „сістэматычным характары гвалту з боку АМАПа і ахоўнікаў у месцах зняволення, дзе з 9 жніўня знаходзіліся тысячы невінаватых людзей”. „Усе былі збітыя, многія з іх скалечаныя або сталі інвалідамі, — сказала спецдакладчык. — Са зняволенымі абыходзіліся зняважліва, прыніжалі іх годнасць. Мне паведамілі пра выпадкі згвалтавання з ужываннем гумовых дубінак, удараў электрычным токам і іншых формаў фізічных і псіхалагічных катаванняў. Выявы гэтых людзей, паказаныя ўсяму свету, шакавалі міжнародную супольнасць. Беларуская дзяржава абавязаная зрабіць усё магчымае для расследавання і пакарання гэтых злачынстваў, якія тым больш сур’ёзныя, што былі здзейсненыя наўмысна і арганізавана”.

„Што тычыцца людзей, якія пацярпелі ад гэтых злоўжыванняў, то яны знаходзяцца ў такім стане посттраўматычнага шоку, што ім патрабуецца тэрміновая гуманітарная дапамога, — адзначыла Марэн. — Я заклікаю ўлады праліць святло на гэтыя трагічныя падзеі і гарантаваць права ахвяр катаванняў на атрыманне кампенсацыі. Я рэкамендую стварыць незалежны міжнародны механізм для расследавання гэтых злачынстваў і заклікаю ўлады супрацоўнічаць з ім, як з адмысловымі працэдурамі ААН, і ў прыватнасці з маім мандатам”.

Марэн таксама адзначыла, што „хаця ў Беларусі ўжо 25 гадоў не выконваецца вяршэнства закона, апошнія чатыры тыдні ў краіне, падобна, пануе беззаконне”. „Не можа быць правасуддзя, калі яно падпарадкоўваецца выканаўчай уладзе, калі яно непразрыстае і працуе толькі ў адным кірунку — вызваленыя з-пад варты ўдзельнікі пратэстаў цяпер зазнаюць крымінальны пераслед за, я цытую, „парушэнне грамадскага парадку”, — сказала спецдакладчык. — Пры гэтым рэакцыі на скаргі на катаванні ўсё яшчэ няма, а злачынцы, падобна, упэўненыя, што не будуць прыцягнутыя да адказнасці”.

Марэн таксама раскрытыкавала пераслед журналістаў недзяржаўных СМІ і блогераў, назваўшы цынічнымі заявы ўладаў пра тое, што журналісты каардынуюць пратэсты.

„Акрамя бессэнсоўнай вайны, якую вядзе ўрад супраць свайго народа, адбываецца інтэрнацыяналізацыя канфлікту ў інфармацыйнай сферы. Замежныя прыхільнікі ўлады, якая захісталася, распаўсюджваюць інфармацыю, што ўводзіць у зман, накіраваную на дыскрэдытацыю і дэстабілізацыю гэтага народнага руху, каб штучна павялічыць шанцы прэзідэнта, які сыходзіць, застацца ва ўладзе”, — сказала Марэн.

belapan.by