Спецдакладчык ААН: Працэс галасавання прайшоў з парушэннямі і падтасоўкамі
На думку спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці, працэс галасавання на прэзідэнцкіх выбарах прайшоў з парушэннямі і падтасоўкамі вынікаў.
„Такія высокія лічбы ніколі не дасягаліся ў ходзе выбараў у Еўропе з моманту спынення існавання Савецкага Саюза. У дакументах назіральнікаў падкрэслена, што нават чацвёра сутак прымусовага галасавання зняволеных, прызыўнікоў і дзяржслужачых, якія былі пазначаныя як „датэрміновае галасаванне”, не маглі прывесці да такіх лічбаў”, – прыводзіць РИА Новости словы Харасці.
Спецдакладчык ААН вітаў той факт, што цяперашнія выбары прайшлі без гвалту – у адрозненне ад выбараў 2010 года, але паказаў на заявы пра шматлікія парушэнні, уключаючы ўкіды і выкарыстанне метаду „каруселі” пры галасаванні.
„Выбарчы працэс быў арганізаваны, а вынік прадвызначаны”, – прыйшоў да высновы Харасці.