Спецдакладчык ААН: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася



Сёння на сесіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбываецца ў Жэневе, спецыяльны дакладчык Міклаш Харасці агучвае свой апошні даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

Ён ахоплівае пэрыяд ад 1 красавіка 2017 да 30 красавіка 2018.

Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. Фота ПЦ „Вясна”

Паводле Міклаша Харасці сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася. “Я не бачу ніякага практычнага паляпшэння становішча, а хутчэй адзначаю паглыбленне абмежавальных захадаў рэжыму. Я таксама адзначаю цыклічнае выкарыстаньне беларускімі ўладамі жорсткага падаўленьня выступаў людзей, якія хочуць пакарыстацца сваім правам на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў” – адзначыў ён.

Міклаш Харасці стаў спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Ягоны мандат, які скончыцца 31 кастрычніка 2018, Рада ААН па правах чалавека працягвала пяць разоў.  Афіцыйны Менск адмовіўся супрацоўнічаць са спадаром Харасці і ні разу не ўпусціў яго ў Беларусь у якасці спецдакладчыка ААН.