Спецдакладчык ААН: Урад Беларусі актыўна перашкаджае абароне правоў чалавека ў краіне
Урад Беларусі актыўна перашкаджае прасоўванню і абароне правоў чалавека ў краіне, заявіла спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн на пасяджэнні падкамітэта Еўрапарламента па правах чалавека 1 снежня.
Падкамітэт Еўрапарламента абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі і міжнародныя намаганні па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Трансляцыя пасяджэння вялася на сайце Еўрапарламента.
Першым выступіў дакладчык па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ Вольфганг Бенедэк, які паведаміў аб высновах і рэкамендацыях, якія ўтрымліваюцца ў падрыхтаваным ім дакладзе.
У прыватнасці, адзначыў ён, у дакуменце гаворыцца пра тое, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года былі сфальсіфікаваныя, мелі „відавочныя недахопы і не адпавядалі асноўным патрабаванням, устаноўленым на аснове маніторынгу папярэдніх выбараў”. „Што тычыцца парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняюцца беларускімі сіламі бяспекі ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты, то яны насілі масавы і сістэматычны характар і, на жаль, усё яшчэ працягваюцца”, — сказаў Бенедэк. Ён падкрэсліў, што затрыманні пратэстоўцаў носяць масавы і адвольны характар, да іх прымяняюцца катаванні і жорсткае абыходжанне.
Бенедэк адзначыў, што ў адпаведнасці са сваім мандатам зрабіў шэраг рэкамендацый беларускаму ўраду, АБСЕ і міжнароднай супольнасці. „Рэспубліцы Беларусь рэкамендавана арганізаваць новыя прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і пры своечасовым запрашэнні міжнародных назіральнікаў, — сказаў Бенедэк. — Што тычыцца сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, рэкамендавана неадкладна спыніць любы гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, а таксама без усялякіх умоў вызваліць усіх зняволеных, затрыманых па палітычных матывах, уключаючы ўдзельнікаў пратэстаў”.
Дакладчык рэкамендаваў ураду краіны пачаць паўнавартасны дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Акрамя таго, ён прапанаваў правесці расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі, непрапарцыйнага прымянення сілы і зброі супрацоўнікамі сілавых органаў.
Ён таксама нагадаў аб сваёй рэкамендацыі міжнароднай супольнасці заснаваць незалежны міжнародны орган у мэтах расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з удзелам экспертаў-крыміналістаў, каб старанна задакументаваць усе выпадкі парушэнняў для далейшых судовых разглядаў з мэтай прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых.
Анаіс Марэн адзначыла, што, нягледзячы на ўсе намаганні па ўсталяванні дыялогу з афіцыйным Мінскам, беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з ёй. Яна нагадала, што ў яе дакладах за 2019 і 2020 гады, якія былі падрыхтаваныя для Генасамблеі ААН, гаварылася аб сістэмных праблемах у беларускім заканадаўстве, уключаючы выбарчае, якія могуць прывесці да парушэнняў правоў чалавека. „На жаль, гэта пацвердзілася тым развіццём падзей, якія адбыліся ў гэтым годзе”, — сказала Марэн.
Яна таксама падкрэсліла, што беларускія ўлады ўпарта ігнаруюць усе зробленыя рэкамендацыі, выкананне якіх магло б спрыяць паляпшэнню сітуацыі. „Я прыйшла да высновы, што гэты ўрад актыўна перашкаджае прасоўванню і абароне правоў чалавека ў Беларусі, — сказала Марэн. — Ахвяры такой палітыкі вядомыя — грамадскія і палітычныя актывісты, праваабаронцы, незалежныя журналісты, якія спрабуюць рэалізаваць сваё права на актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Развіццё падзей у апошнія месяцы ў Беларусі паказвае, што парушаецца не толькі іх права на свабоду слова і сходаў. Большасць з іх сутыкнуліся з адвольнымі затрыманнямі і арыштамі, пераследам, запалохваннем і гвалтам. Разам з медыцынскімі работнікамі, блогерамі і студэнтамі яны апынуліся на перадавой мірных пратэстаў”.
Спецдакладчык таксама адзначыла, што права на свабоду сходаў з’яўляецца фундаментальным правам чалавека і можа быць абмежаванае ў невялікай колькасці выпадкаў, якія пералічаныя ў арт. 29 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. „Усе іншыя абмежаванні і тым больш задушэнне пры дапамозе гвалту, што мы назіраем у Беларусі, недапушчальныя, — сказала Марэн. — Называць гэтыя акцыі „несанкцыянаванымі” — гэта злоўжыванне, а заяўляць, што яны кантралююцца знешнімі сіламі, — цынічная тактыка адмаўлення. Як эксперт, які займаецца вывучэннем Беларусі ўжо больш за 12 гадоў, магу з упэўненасцю заявіць, што грамадзянская супольнасць у Беларусі прачнулася і большасць беларусаў хочуць адстойваць свае правы”.
Яна таксама звярнула ўвагу, што ўлады актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны арышт у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, нягледзячы на другую хвалю COVID-19 і без выканання адпаведных мер бяспекі. „Паводле паведамленняў праваабаронцаў, 80% затрыманых, хутчэй за ўсё, заражаюцца COVID-19 падчас адбыцця арышту”, — сказала спецдакладчык.
Марэн заклікала міжнародную супольнасць сумеснымі намаганнямі дамагацца таго, каб беларускія ўлады выканалі рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі ў краіне.
Юрыст-праваабаронца, эксперт Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў Яўгенія Андраюк адзначыла, што ўзровень гвалту ў Беларусі ў дачыненні да грамадзян не зніжаецца. Яна нагадала пра гібель Рамана Бандарэнкі і падкрэсліла, што распачатая крымінальная справа ў дачыненні да ўрача Арцёма Сарокіна і журналісткі партала tut.by Кацярыны Барысевіч, якія паведамілі, што ў крыві Бандарэнкі не было алкаголю.
„Падчас акцый пратэсту ў гэтую нядзелю сотні былі затрыманыя, былі затрыманні і ўчора падчас маршу пенсіянераў. Некаторыя з затрыманых ужо атрымалі па 15 сутак арышту, — сказала Андраюк. — На жаль, працягваюцца і палітычна матываваныя суды. Сёння пачаўся яшчэ адзін суд у дачыненні да трох чалавек, якія напісалі „Не забудзем” на тратуары каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага”.
Яна адзначыла, што беларускія праваабаронцы і журналісты працягваюць збіраць доказы выпадкаў парушэння правоў чалавека ў краіне, уключаючы выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання. „Але тут вялікае значэнне мае пытанне бяспекі, у першую чаргу бяспекі праваабаронцаў, абароны атрыманай інфармацыі і, вядома ж, бяспекі ахвяр і сведак”, — сказала Андраюк. Паводле яе слоў, у шэрагу выпадкаў людзі, якія распавядаюць аб тым, што адбылося, настойваюць на тым, каб прадстаўленая імі інфармацыя пакуль нідзе не публікавалася.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедронь адзначыў: „Мы зноў абмяркоўваем важныя рэчы, якія адбываюцца прама на мяжы Еўрасаюза ў апошняй дыктатуры Еўропы, дзе людзі змагаюцца з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека. У нас было адчуванне, і яно выявілася ў прынятай на мінулым тыдні рэзалюцыі Еўрапарламента, што меры, прынятыя дагэтуль краінамі — членамі ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі, з’яўляюцца недастатковымі. Каб не быць расчараванымі, мы павінны адпавядаць тым чаканням, якія ёсць у людзей у Беларусі ў іх барацьбе за свабоду. І па маіх адчуваннях, вельмі лёгка выканаць тое, чаго ад нас чакаюць”.
Паводле слоў Бедроня, ЕС павінен падтрымаць міжнароднае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі, а таксама ўвесці больш шырокія санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і яго прыхільнікаў.
Еўрадэпутат Андрус Кубілюс (Літва) адзначыў, што расследаванне злачынстваў можа праводзіцца з выкарыстаннем механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з Максімам Харошыным — уладальнікам кветкавай крамы ў Мінску, які пасля затрымання правёў некалькі гадзін у адным з РУУС, адкуль быў дастаўлены ў бальніцу. Затым ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і, знаходзячыся ў Літве, звярнуўся ў пракуратуру з просьбай пачаць расследаванне аб прымяненні да яго катаванняў. Генпракуратура краіны пачала працу па гэтай заяве. Кубілюс заклікаў іншыя краіны ўзяць прыклад з Літвы.
Члены падкамітэта па правах чалавека, якія выступілі пасля, выказаліся ў падтрымку ініцыятывы аб стварэнні міжнароднага органа па расследаванні злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі, а таксама неабходнасці ўвядзення далейшых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, яны падкрэслілі важнасць аказання дапамогі і падтрымкі ўсім, хто пацярпеў у выніку гвалту і катаванняў.