Спецдакладчыкі ААН асуджаюць Беларусь за працяг прымянення смяротнага пакарання



Эксперты ААН па правах чалавека асуджаюць Беларусь за працяг прымянення смяротнага пакарання.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, 12 снежня эксперты ААН па правах чалавека — спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю, пакараннях смерцю без належнага судовага разбору або адвольных пакараннях смерцю — разам з камітэтам па правах чалавека асудзілі Беларусь за працяг прымянення смяротнага пакарання.

Нагодай для асуджэння сталі паведамленні пра тое, што ў краіне, насуперак просьбам Камітэта па правах чалавека аб прыпыненні выканання смяротных прысудаў, былі пакараныя смерцю тры чалавекі: Аляксей Міхаленя, Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў.

„Паўтарэнне невыканання Рэспублікай Беларусь працэдур камітэта і невыкананне просьбаў камітэта аб прыняцці часовых мер абароны абсалютна непрымальнае. Той факт, што гэта адбываецца ў кантэксце спраў, якія звязаны са смяротным пакараннем і наўпрост закранаюць права на жыццё, якое, на думку камітэта, з`яўляецца „асноватворным правам”, ёсць проста неймаверным”, — сказаў старшыня Камітэта па правах чалавека Юваль Шані.

Просьбы камітэта аб часовым прыпыненні выканання смяротных прысудаў асоб, чые скаргі знаходзяцца на яго разглядзе, з`яўляюцца абавязковымі ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, Міхаленя, які быў прызнаны вінаватым у забойствах і прыгавораны да смяротнай кары ў сакавіку 2017 года, быў пакараны прыблізна 15 мая гэтага года. Беражной і Гершанкоў былі прызнаныя вінаватымі ў забойствах у ліпені 2017 года, і, як паведамляецца, былі пакараныя прыблізна 19 лістапада 2018 года.

„Нягледзячы на ўсю сур`ёзнасць інкрымінаваных ім злачынстваў, гэтыя асобы, як індывіды, валодаюць неад`емным правам на жыццё. Той факт, што іх сваякам не паведамляецца пра час і акалічнасці іх смерці і не выдаюцца іх целы для пахавання, гэта дадатковыя пакуты, якія несправядліва прычыняюцца іх сем`ям”, — заявіла спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

З 2010 года ў Беларусі пакаралі смерцю 13 чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе Камітэта па правах чалавека. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая прымяняе смяротнае пакаранне.

Як адзначаюць праваабаронцы, нягледзячы на выкананне смяротных прысудаў, вынесеных у дачыненні да Аляксея Міхалені, Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, Камітэт па правах чалавека разгледзіць іх справы. Ва ўсіх трох скаргах утрымліваюцца заявы аб прымяненні катаванняў у месцах пазбаўлення волі, прымусе да дачы паказанняў, адмове ў доступе да юрыдычнай дапамогі і несправядлівым судовым разборы.

belapan.by