Спецдакладчыкі ААН заклікаюць спыніць ціск на праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць Беларусі



Эксперты ААН па правах чалавека занепакоеныя ўзмацненнем жорсткасці пераследу праваабаронцаў у Беларусі і заклікаюць улады зняць усе абмежаванні на дзейнасць грамадзянскай супольнасці. Пра гэта заявіла Мэры Лолар, спецдакладчык Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытанні аб становішчы праваабаронцаў па ўсім свеце, паведамляецца на сайце ААН.

„Звычайнай справай сталі вобшукі ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкоды ў працы адвакатаў. Я нават атрымала паведамленні аб тым, што многія зведваюць крымінальны пераслед і жорсткае абыходжанне за тое, што яны супрацоўнічаюць з ААН”, — заявіла Лолар, маючы на ўвазе Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага з Офіса па правах людзей з інваліднасцю, якія супрацоўнічалі з Упраўленнем ААН па правах чалавека.

„Іх пазбавілі волі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю, — перакананая спецдакладчык. — Драздоўскі, дырэктар арганізацыі, які перасоўваецца ў інвалідным крэсле, зведаў пакутлівы сямігадзінны допыт, а Граблеўскаму, юрысту офіса, падчас допыту загадалі распрануцца”.

Спецыяльны дакладчык ААН па правах людзей з інваліднасцю Джэрард Куін таксама занепакоены арыштам актывістаў. Ён падкрэсліў, што іх дзейнасць вельмі важная для таго, каб змяніць становішча людзей, якія, як правіла, кінутыя на волю лёсу. „І, між іншым, у адпаведнасці з Канвенцыяй ААН аб правах інвалідаў дзяржавы абавязаныя канструктыўна ўзаемадзейнічаць з гэтай групай насельніцтва і арганізацыямі, якія працуюць з ёй”, — дадаў Куін.

Зрэшты, як падкрэсліваюць праваабаронцы ААН, пераслед Драздоўскага і Граблеўскага — гэта толькі прыклад далейшага наступу на беларускую грамадзянскую супольнасць, які распачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

У паведамленні прэс-цэнтра ААН адзначаецца, што яшчэ ў верасні была арыштаваная каардынатар валанцёраў праваабарончага цэнтра „Вясна” Марыя (Марфа) Рабкова, якую абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Спецдакладчыкі ААН адразу ж выступілі ў абарону Рабковай і запатрабавалі вызваліць яе. Аднак замест гэтага ўлады выставілі ёй новыя абвінавачанні.

Чацвёра супрацоўнікаў „Прэс-клуба Беларусь”, якія адсочвалі парушэнні правоў журналістаў, былі затрыманыя за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Яшчэ аднаго дэпартавалі ў Расею.

Мэры Лолар таксама турбуе новая тактыка ўладаў: многіх праваабаронцаў вымушаюць падпісваць пагадненне аб неразгалошванні. „Пагадненні аб канфідэнцыйнасці фактычна крыміналізуюць распаўсюджванне інфармацыі, звязанай з правамі чалавека”, — лічыць яна. Лолар заклікала адмяніць усе абмежаванні на дзейнасць грамадзянскай супольнасці.

„Большасці затрыманых выстаўляюць абвінавачанні ў эканамічных злачынствах”, — сказала Лолар, дадаўшы, што ў яе выклікае сур’ёзныя асцярогі пытанне справядлівасці судаводства.

Паведамляецца, што эксперт „знаходзіцца ў кантакце з уладамі Беларусі па гэтым пытанні”. Да патрабаванняў Лолар далучыліся яе калегі. Акрамя Джэрарда Куіна гэта Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Дыега Гарсія-Саян, спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў; Нільс Мельцэр, спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відах абыходжання і пакарання.

Спецыяльныя дакладчыкі з’яўляюцца часткай так званых спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека. Гэта міжнародны праваабарончы орган у сістэме ААН, які замяніў Камісію ААН па правах чалавека.

belapan.by