Спецдакладчыкі ПАСЕ асудзілі новую смяротную кару ў Беларусі
У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы асуджаюць прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Кірыла Казачка. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве спецдакладчыка ПАСЕ па адмене смяротнага пакарання Іва Круштана і спецдакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.
„Мы зноў цвёрда выступаем супраць любога смяротнага прысуду, вынесенага беларускай судовай уладай, і любых пакаранняў смерцю, учыненых у гэтай краіне, — гаворыцца ў заяве. — Пакаранне смерцю Кірыла Казачка тым больш шакуе, паколькі яно было выкананае таемна яшчэ ў кастрычніку 2017 года, у той час як сваякі былі праінфармаваныя пра гэта нядаўна”.
У заяве падкрэсліваецца, што смяротнае пакаранне з’яўляецца „жорсткім і бесчалавечным пакараннем, якое больш непрымальнае ў Еўропе”. „Мы зноў заклікаем беларускія ўлады тэрмінова ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і адмяніць смяротнае пакаранне дэ-факта і дэ-юрэ”, — заявілі Круштан і Рыгоні.
39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачок быў прыгавораны да выключнай меры пакарання Гомельскім абласным судом 28 снежня 2016 года. Ён прызнаны вінаватым у забойстве уласных дзяцей — дзевяцігадовай Кіры і 17-гадовага Улада.
Трагедыя здарылася 31 студзеня 2016 года. Пасля забойства Кірыл Казачок прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і саскочыў з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачваны правёў у шпіталі — у яго былі пашкоджанні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві ў мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле. Паводле дадзеных экспертызы, абвінавачваны ў момант злачынства мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.
Паводле дадзеных следства, жыхар Мазыра ўчыніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо разводзіліся, а затым паўторна заключылі шлюб) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на развод, на момант учынення злачынства муж і жонка знаходзіліся ў шлюбаразводным працэсе.
Маці абвінавачванага пасля вынясення прысуду назвала яго несправядлівым, заявіўшы журналістам, што сына „прымусілі, давялі да такой ступені”. Яна негатыўна выказалася ў адрас былой нявесткі, адзначыўшы, што яна „чаго хацела, таго дамаглася”. Аднак сам Казачок адмовіўся абскардзіць рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным судзе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Intrnational выступіла ў абарону Кірыла Казачка і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.