Спецпрадстаўнік ПА АБСЕ: Для нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі неабходны дыялог
Найбольш эфектыўныя шляхі падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі з боку міжнароднай супольнасці абмеркаваныя на сустрэчы спецыяльнага прадстаўніка Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Даніэлы дэ Рыдэр (Германія) са Святланай Ціханоўскай, паведамляе прэс-служба ПА АБСЕ.
У сустрэчы, што адбылася 6 лютага ў анлайн-фармаце, узяў таксама ўдзел генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла.
Спецпрадстаўнік ПА АБСЕ адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца для яе прыярытэтным пытаннем. Паводле яе слоў, яна плануе правесці шэраг сустрэч з беларускімі прадстаўнікамі, у тым ліку з прадстаўнікамі ўлады і кіраўніком беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЕ Андрэем Савіных, у межах агульных намаганняў па спрыянні дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі ў краіне.
Падчас гутаркі з Ціханоўскай былі закранутыя пытанні, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і палітычнымі зняволенымі. Дэ Рыдэр адзначыла, што яе мандат уключае ў сябе ўзаемадзеянне з усімі сегментамі грамадства з дапамогай міжпарламенцкай дыпламатыі. Спецпрадстаўнік падкрэсліла прыхільнасць ПА АБСЕ садзейнічаць умацаванню даверу, прымірэнню і наладжванню дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі краіны і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці.
У сваю чаргу экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская вітала прызначэнне спецпрадстаўніка і выказала гатоўнасць развіваць з ёй плённае супрацоўніцтва, адзначае прэс-служба. Яна праінфармавала дэ Рыдэр аб наяўнай сітуацыі ў Беларусі, заўважыўшы, што людзі па-ранейшаму выступаюць і змагаюцца за пашырэнне правоў і свабод. Ціханоўская падкрэсліла, што кожны дзень колькасць палітычных зняволеных расце, а суды ў Беларусі прыгаворваюць да турэмных тэрмінаў удзельнікаў мірных пратэстаў, у дачыненні да якіх распачатыя крымінальныя справы.
На сустрэчы таксама абмеркаваная роля жанчын у беларускіх пратэстах і сітуацыя з арыштаванымі жанчынамі, уключаючы актывістак і журналістак.