Спецпрадстаўнік ЗША Курт Волкер адмяніў візіт у Маскву



Спецыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША па Украіне Курт Волкер адмяніў свой візіт у Маскву з прычыны захопу Расеяй украінскіх караблёў і маракоў ля Керчанскай пратокі. Пра гэта ён паведаміў цягам відэаканферэнцыі, якую 17 снежня трансляваў Дзярждэпартамент у Facebook.

„Раней я планаваў прыехаць у Маскву ў гэтым месяцы. Я рыхтаваўся да гэтай паездкі, калі Расея атакавала ўкраінскія караблі ў Чорным моры”, – сказаў Волкер.

Ён напомніў, што з тае ж прычыны 29 лістапада ад сустрэч з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным адмовіўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Волкер вядзе перамовы па сітуацыі на Данбасе з памочнікам Пуціна Уладзіславам Сурковым. Яны правялі чатыры сустрэчы: 21 жніўня 2017 года ў Менску, 7 кастрычніка і 13 лістапада ў Бялградзе, 26 студзеня 1918 года ў Дубаі. Перамоўнікі абмяркоўваюць шляхі рэалізацыі Менскіх пагадненняў і магчымае ўвядзенне міратворчай місіі на Данбас. На апошняй сустрэчы, паводле словаў міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, не было дасягнута ніякага выніку. У красавіку 2018 года спікер Крамля Дзмітры Пяскоў заявіў, што ў перамовах па лініі Суркова і Волкера „фіксуецца паўза”. 23 жніўня Пяскоў паведаміў, што „ідзе падрыхтоўка”, але пакуль канчатковай дамоўленасці няма. Беларускае Радыё Рацыя