Спікер польскага Сената спрабуе развязаць парламенцкі крызіс у краіне
У Варшаве праходзіць сустрэча маршалка Сенату Станіслава Карчэўскага ў справе вырашэння парламенцкага крызісу.
На сустрэчы прысутнічаюць лідары ўсіх палітычных партый, якія прадстаўлены ў парламенце апрача “Грамадзянскай платформы”.
Лідар партыі Гжэгаж Схетына паведаміў, што “Грамадзянскай платформы” не будзе браць удзелу ў гэтай сустрэчы:
– Гэта не тое пытанне, якім павінен займацца Сенат, праблема якая з’явілася два тыдні таму – гэта канфлікт да якога дайшло ў Сейме. Я чакаю ад маршалка Кухцінскага заангажавання ў вырашэнне гэтага канфлікту, прызнання памылкі і вяртання да пленарнай залі. Калі гэтага не адбудзецца, то значыць вывешвае белы сцяг і хоча быць падтрыманы маршалкам Сенату, які ўсё ж такі не кіруе Сеймам. Ці цяпер маршалак Карчэўскі будзе праводзіць пасяджэнні Сейма? Ці канцылярыя Сената будзе весці справы канцылярыі Сейма? Гэта абсурд.
У сустрэчы з маршалкам Сенату прымае ўдзел лідар партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качынскі, лідар “Кукіз 15” – Павел Кукіз, лідар “Польскай сялянскай партыі” Уладыслаў Касіняк Камыш, а таксама лідар “Навачэснай” Рышард Петру.
* * *
Маршалак Сената, вышэйшай палаты польскага парламента, Станіслаў Карчэўскі запрашае лідараў усіх партыяў сустрэцца дзеля вырашэння парламентарнага крызісу. Сустрэча запланаваная на 14:00 9 студзеня.
— Я запрасіў усіх лідараў палітычных партый. Я хачу прадставіць свае прапановы, у тым ліку для апазіцыі, прапановы развязання парламенцкага крызісу. З лідарамі палітычных партый я хачу перш за ўсё пагаварыць на тэму працы над бюджэтам. Мы пагаворым і дзеля таго і ладзіцца наша сустрэча, каб пагаварыць і дайсці да кансенсусу.
З 16 снежня 2016 года ў пленарнай залі польскага Сейма пратэстуюць дэпутаты двух найбольшых апазыцыйнах партый: Грамадзянская Платформа (Platforma Obywatelska) і Сучасная (Nowoczesna), блакуючы трыбуну Сейма.
Яны пачалі пратэст супраць выключэння з парламенцкіх дэбатаў дэпутата Міхала Шчэрбы і супраць прапанаваных зменаў у правілах працы журналістаў у парламенце, дамагаючыся захавання існуючых дагэтуль правілаў.
Спікер Сейма Марэк Кухціньскі аднавіў 16 снежня 2016 года паседжанне Сейма ў Калоннай залі (замест асноўнай пленарнай залі), дзе было праведзена галасаванне сярод іншага над законапраектам аб бюджэце на 2017 год.
Апазіцыя лічыць, што галасаванне ў Калоннай зале было незаконнымі, у тым ліку з-за адсутнасці кворуму. Спікер польскага парламента запэўніў, што ў галасаванні 16 снежня прыняла ўдзел неабходная паводле Канстытуцыі колькасць дэпутатаў, і што кожны з дэпутатаў мог увайсці у залу праз галоўны уваход і прыняць удзел у любым галасаванні. Але апазіцыя нязгодная з гэтым і патрабуе перагаласаваць за праект бюджэту на 2017 год.
Найбліжэйшае паседжанне польскага Сейму запланаванае на сераду, 11 студзеня.
Беларускае Радыё Рацыя