Спікер Савета Федэрацыі Расеі з візітам у Менску
Аляксандр Лукашэнка запрошаны на святкаванне 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, паведаміла 5 сакавіка ў Менску журналістам спікер Савета Федэрацыі расейскага парламента Валянціна Мацвіенка перад сустрэчай са старшынём Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай.
„Мы чакаем Аляксандра Рыгоравіча на святкаванне 75-годдзя нашай агульнай перамогі. Вядома ж, будзе новая сустрэча нашых кіраўнікоў”, — сказала Мацвіенка.
Паводле яе слоў, вектар развіцця расейска-беларускіх адносін задаюць прэзідэнты дзвюх краін.
„Яны выбудавалі за гэтыя гады шчыры дыялог, яны вельмі часта бачацца, сустракаюцца, маюць зносіны па тэлефоне. Летась было шмат сустрэч, на гэты год намечаная насычаная праграма. Тым дамоўленасцям, якія дасягаюцца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, задача нашых парламентаў ствараць заканадаўчыя ўмовы і ўдзельнічаць у рэалізацыі рашэнняў”, — дадала яна.
Мацвіенка падкрэсліла асаблівыя адносіны Расеі і Беларусі.
„Яны грунтуюцца на нашай агульнай гісторыі, на падабенстве нашых культур, моваў, на нашай агульнай духоўнасці. Адказнасць цяперашняга пакалення палітыкаў захаваць і зберагчы ўсё тое каштоўнае, што звязвае нашы краіны і народы. Берагчы і перадаваць новым пакаленням, паглыбляць і пашыраць раўнапраўнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, улічваючы меркаванне і інтарэсы адзін аднаго”, — лічыць спікер Савета Федэрацыі.
Яна зазначыла неабходнасць пашырэння парламенцкага ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных структур. „Гэта і АДКБ, і ШАС, і Міжпарламенцкая асамблея. Калегі, хто прайшоў праз гэтую школу, пагодзяцца, што гэта добры механізм, інстытут нашага парламенцкага супрацоўніцтва, краін былога Савецкага саюза. Гэта абмен досведам для парламентарыяў, гэта вывучэнне лепшых парламенцкіх практык”, — сказала яна.
Валянціна Мацвіенка прыбыла ў Беларусь з двухдзённым візітам для ўдзелу ў пасяджэнні аргкамітэта VII Форуму рэгіёнаў, які адбудзецца восенню ў Менску і Менскай вобласці.
Як паведаміў напярэдадні пасол РФ у Беларусі Дзімітрый Мезенцаў, у праграме візіту Мацвіенкі — сустрэчы з кіраўнікамі абедзвюх палат беларускага парламента і кіраўніком дзяржавы. 6 сакавіка спікер Савета Федэрацыі наведае Брэсцкую крэпасць.
Фота БелТА