Спіс палітвязняў будзе перагледжаны
Перагляд спісу палітвязняў зробяць на агульнай сустрэчы у сядзібе Партыі БНФ грамадскія і палітычныя лідары, праваабаронцы ды юрысты. Як паведаміў мадэратар форуму “Свабоду палітвязьням!” Павел Севярынец, 16 лістапада яго ўдзельнікі зацвердзяць новы пералік палітвязняў, бо Эдуард Пальчыс і Зміцер Паліенка выйшлі на волю:
– Галасаванне адносна спісу палітвязняў адбывалася ў жніўні гэтага года. На той момант яшчэ за кратамі былі Эдуард Пальчыс, Зміцер Паліенка. Зараз хтосьці з палітвязняў атрымаў хатнюю “хімію” і выйшаў на волю з-за кратаў, таму, відавочна, трэба з гэтым спісам вызначацца, праводзіць удакладненні.
Форум “Свабоду палітвязьням!” адбудзецца ў сераду а 18-й гадзіне у офісе партыі БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, 3. Тэмамі агульнай сустрэчы стануць таксама суды над Уладзімірам Кондрусем і Алесем Юркойцем, якія пачынаюцца на гэтым тыдні, міліцэйскае беззаконне, лёс сямʼі Жаўновых і дапамога іншым беларускім вязням.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя