Спісы чальцоў выбарчых камісій больш не будуць друкаваць
Цэнтрвыбаркам Беларусі больш не будзе друкаваць спісы тых, хто ўдзельнічае ў арганізацыі выбараў.
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка адзначыў, што ў выбарчай кампаніі ўдзельнічае каля 70 тысяч актывістаў. Выбаршчык зможа даведацца пра іх імёны, але адзіных спісаў не будзе. Так ЦВК плануе абараніць гэтых людзей ад “булінгу і ціску з-за мяжы”, – заявіў Карпенка.
Цэнтральная выбарчая камісія пачала падрыхтоўку да Адзінага дня галасавання, які павінен адбыцца ў лютым. Як паведамлялася раней, 25 лютага 2024 года ў Беларусі маюць правесці Адзіны дзень галасавання: выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. А на працягу 60 дзён пасля Адзінага дня галасавання пройдзе Усебеларускі народны сход.
Беларускае Радыё Рацыя