Справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў не спыненая



Справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, узбуджаная па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса напярэдадні Дня Волі, не спыненая. Спынены пераслед фігурантаў гэтай справы, аднак папярэдняе следства працягваецца. Праваабаронцы “Вясны”, атрымаўшы адпаведнае дакументальнае пацверджанне, выказваюць пэўныя апасенні з гэтай нагоды.

Нечаканы факт юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна” высветлілі падчас працы па падрыхтоўцы іскавых заяваў аб спагнанні маральнай шкоды за незаконнае ўтрыманне пад вартай для фігурантаў справы, крымінальны пераслед у дачыненні да якіх быў спынены.

У прыватнасці, з такой заявай у КДБ звяртаўся Сяргей Кунцэвіч, і на мінулым тыдні ён атрымаў адказ са Следчага камітэта, куды была перанакіраваная яго заява. З гэтага адказу, падпісанага старшым следчым па асабліва важных справах Андрэем Халімавым, і вынікае, што крымінальная справа не спынена.

На сёння Праваабарончаму цэнтру “Вясна” невядома пра асобаў, якія б знаходзіліся ў статусе падазронага або абвінавачанага ў межах крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293, аднак падставы для занепакоенасці ёсць.

“Па факце падрыхтоўкі масавых беспарадкаў вытворчасць не спыненая, і гэта азначае, што ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы могуць праводзіцца розныя следчыя мерапрыемствы – ператрусы, агляды памяшканняў, апытанні і іншае. Тэарэтычна могуць з’явіцца новыя падазраваныя і абвінавачаныя”, – кажа Валянцін Стэфановіч.  

“Тое, што гэтая справа не спыненая, выклікае нашую асаблівую занепакоенасць. І ў звязку з гэтым нашыя патрабаванні застаюцца ранейшымі: вытворчасць па гэтай справе павінна быць спыненая”, – падкрэслівае праваабаронца.

spring96.org