Справа анархіста Паліенкі вернутая ў СК



Крымінальная справа анархіста Дзмітрыя Паліенкі вернутая ў Следчы камітэт для правядзення дадатковага расследавання, паведамілі БелаПАН у прэс-службе пракуратуры Менска.

„12 ліпеня справа вернутая ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, — адзначылі ў прэс-службе.

Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка паводле падазрэння ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства.

„Згодна са звесткамі следства, 13 сакавіка прыблізна а 20-й гадзіне на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Менску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад’ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка, — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова. — Супрацоўнікамі міліцыі падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Дзмітрый Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены вобшук. Цяпер з затрыманым праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, скіраваныя на высвятленне абставінаў здарэння. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца”.

5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК), апаганенне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).

Абвінавачанне паводле арт. 341 КК Паліенку выстаўленае за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. 23 студзеня 2019 года СК распачаў крымінальную справу за нанясенне графіці. Фігурантамі гэтай справы акрамя Паліенкі з’яўляюцца Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.

Раней, каментуючы сайту spring96.org выстаўленае Паліенку абвінавачанне, праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў: „Існуе дзве версіі падзей. Паводле версіі Дзмітрыя, ён быў вымушаны прымяніць газавы балончык у мэтах самаабароны супраць нецвярозага і агрэсіўнага грамадзяніна, які абражаў і ўдарыў яго. Згодна з афіцыйна выстаўленым абвінавачаннем, Дзмітрый нібыта ў адказ на заўвагу жыхара дома аб забароне курэння ў пад’ездзе прымяніў у дачыненні да апошняга газавы балончык, здзейсніўшы такім чынам асабліва злоснае хуліганства. Такім чынам, маем два варыянты паводзін Дзмітрыя — дапушчальная самаабарона і злоснае хуліганства з прымяненнем газавага балончыка. Але для таго, каб мы паверылі ў версію, агучаную следствам, яно павінна даць нам досыць важкія доказы”

Паводле слоў Стэфановіча, асаблівую цікавасць у праваабаронцаў выклікаюць абвінавачанні згодна з іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці арт. 130. Паводле інфармацыі праваабаронцы, распальваннем іншай сацыяльнай варожасці следства лічыць распальванне варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя. Па выніках экспертызы відэароліка, на якім невядомая асоба наносіць графіці на будынак, прызнана, што яна распальвае варожасць у дачыненні да сацыяльнай групы — міліцыі.

„Міліцыя не з’яўляецца сацыяльнай групай, як не з’яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым, — падкрэсліў Стэфановіч. — Адпаведна, нельга казаць пра распальванне ў дачыненні да іх варожасці. Такога роду кваліфікацыя з’яўляецца памылковай і, акрамя таго, сведчыць пра жаданне ўладаў надаць палітычны кантэкст гэтай крымінальнай справе”.

Стэфановіч не выключыў, што суд над Паліенкам могуць правесці ў закрытым рэжыме, каб прадстаўнікі праваабарончай супольнасці не змаглі ацаніць сутнасць крымінальнай справы.

Паліенка 24 кастрычніка 2018 года быў вызвалены з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем.

У канцы мінулага года ў дачыненні да Паліенкі быў складзены пратакол паводле арт. 17.11 КоАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Падставай быў пост у „Фэйсбуку” з выявай маладога чалавека, на вопратцы якога быў надпіс, занесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 31 студзеня 2019 года Паліенка быў пакараны штрафам у 1.275 рублёў за „распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

БелаПАН