Справа Бабарыкі перададзеная ў Вярхоўны суд



Справа ў дачыненні да Віктара Бабарыкі і іншых топ-менеджараў Белгазпрамбанка перададзеная ў Вярхоўны суд.

«Вывучэнне ў Генеральнай пракуратуры матэрыялаў крымінальнай справы паказала, што даследаванне яе абставінаў выраблена ўсебакова, поўна і аб’ектыўна. Абвінавачванне прад’яўлена з улікам сабраных доказаў. Падстаў для адмены або змены абвінавачаным мер стрымання не маецца», — гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

Экс-кіраўнік Белгазпрамбанка рэзка стаў крымінальнікам пасля таго, як вырашыў балатавацца на пасаду прэзідэнта. Аднак нават пасля крымінальнай справы і хвалі ачарнення ён застаецца папулярным апанентам Лукашэнкі.

У той жа час Беларускі Хельсінскі камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся ў ААН. Яны патрабуюць ад беларускіх уладаў забяспечыць Віктару Бабарыку права на канфідэнцыйныя зносіны з адвакатамі.

Адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі пасля перадачы справы падабароннага ў Генеральную пракуратуру заявіў, што абаронцам не дазволілі капіяваць матэрыялы справы. Каля месяца, пачынаючы з сярэдзіны снежня, абаронцаў Віктара Бабарыкі не дапускалі да яго ў следчы ізалятар.

У сувязі з гэтым Беларускі Хельсінскі камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН.

Яны патрабуюць ад беларускіх уладаў забяспечыць палітвязню «магчымасць бесперашкоднай рэалізацыі права на абарону і юрыдычную дапамогу на канфідэнцыйнай аснове» ў сувязі з перадачай яго крымінальнай справы ў суд.

Паведамленні атрымалі спецдакладчык аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спецдакладчык аб пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян і спецдакладчык аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар.

Беларускія праваабаронцы лічаць забарону на капіяванне матэрыялаў крымінальнай справы «істотным звужэннем магчымасці абароны дбайным чынам вывучыць матэрыялы крымінальнай справы і, фактычна, аспрэчыць выстаўленае абвінавачанне» ў дачыненні палітвязня Бабарыкі.

Улады парушылі права экс-старшыні Белгазпрамбанку на абарону, што ў сукупнасці з узяццем пад варту яго адваката Максіма Знака і пазбаўленнем ліцэнзіі яшчэ аднаго адваката, Аляксандра Пыльчанкі, за прававы каментар у СМІ расцэньваецца праваабарончай супольнасцю як парушэнне права на справядлівы судовы разбор.

Віктара Бабарыку і яго калег вінавацяць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры. Самому Бабарыку выставілі яшчэ і абвінавачанне ў «адмыванні» грошай. Бабарыка сябе вінаватым не прызнае.

novychas.by