„Справа БелТА” перададзеная ў Генпракуратуру



Крымінальная справа аб бяздзейнасці службовай асобы ў дачыненні да галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай перададзеная ў Генеральную пракуратуру для далейшага накіравання ў суд, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Паводле яе слоў, крымінальная справа перададзеная пракурору 2 студзеня.

Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачванай па „справе БелТА”. Ёй выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі артыкула — штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Першапачаткова па справе праходзіла 15 фігурантаў — рэдактараў і журналістаў розных СМІ. Усе яны, акрамя Золатавай, абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК) і раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў) усе фігуранты пакрылі шкоду. Сумы — ад 3 тысяч да 17 тысяч рублёў.

Нагодай для распачынання крымінальнай справы стаў зварот генеральнага дырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з-за збояў пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнага партала tut.by, кампаніі БелаПАН і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

3 студзеня СК паўторна адмовіў Золатавай у спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 КК. Згодна з гэтым артыкулам асоба, якая ўпершыню зрабіла злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства, і пакрыла шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай, калі будзе прызнана, што для яе выпраўлення досыць прымянення мер адміністрацыйнага спагнання.

Галоўны рэдактар tut.by паведаміла БелаПАН, што мае намер звяртацца ў пракуратуру з просьбай аб спыненні крымінальнага пераследу.

belapan.by

Фота Tut.by