Справа графіцістаў – новыя палітвязні?
Шэсць палітычных вязняў ужо знаходзяцца дома са сваімі роднымі і блізкімі. У той жа час беларускія праваабаронцы непакояцца, што месцы былых палітычных зняволеных могуць заняць новыя ахвяры рэжыму.
Размова ідзе пра маладзёнаў, затрыманых і абвінавачаных па так званай справе «графіцістаў». На думку старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, гэта відавочна справа палітычнага характару:
– Гэта адназначна палітычная справа, якая мае палітычны кантэкст, і якая прывязаная да кампаніі выбараў, якая зараз адбываецца ў Беларусі. Я нагадаю 2010 год, згадайце, тады таксама перад прэзідэнцкімі выбарамі былі затрыманыя анархісты, было пачата некалькі крымінальных справаў і некалькі чалавек пасадзілі ў турму, іх прызналі палітычнымі зняволенымі. Гэты пераслед быў з мэтай, каб паслаць сігнал беларускім актывістам, найперш моладзі, што любая грамадская дзейнасць, калі яна будзе мець нейкія вострыя формы, яна будзе жорстка перасякацца.
Прыгадаем, што крымінальная справа пачата за нанясенне графіці палітычнага зместу і за псаванне маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка, размова ідзе пра бігборд з выявамі міліцыянтаў. Двум фігурантам справы – Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму – прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Ці прад’яўленыя абвінавачванні Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў шпіталі, невядома. Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазраванага.
Цяпер абвінавачаным пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
“Той аб’ём абвінавачвання, які нам вядомы, на нашую думку, не з’яўляецца падставай для ўтрымання пад вартай, тут таксама прасочваюцца палітычныя матывы”, – падкрэсліў прадстаўнік „Вясны” Валянцін Стэфановіч. Праваабарончы цэнтр “Вясна” ужо выступіў з заявай адносна сітуацыі, якая склалася, і патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты затрыманых маладзёнаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя