«Справа не ў эканоміцы». Чаму Лукашэнка не ўводзіць каранцін



Гэта адзін з самых рызыкоўных эксперыментаў Лукашэнкі за яго кар’еру, лічыць Арцём Шрайбман.

Кіраўнік Беларусі чарговы раз загаварыў пра выратаванне эканомікі, якую нельга спыніць нават перад пагрозай каронавірусу.

Эканоміка, эканоміка, эканоміка… Гэтыя словы мы чуем з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі практычна кожны дзень. «Што жэрці будзем?» – пытаўся кіраўнік Беларусі 7 красавіка, тлумачачы сваё рашэнне не ўводзіць каранцін. І вось зноў. «Для нас найважнейшая – эканоміка», – заявіў ён 8 красавіка на сустрэчы з кіраўніком МНС.

Але ці ўся справа ў эканоміцы? Бо існуе мноства мер, якія маглі б спыніць распаўсюд віруса без фінансавых выдаткаў і без увядзення каранціну, аднак яны чамусьці ўпарта ігнаруюцца ўладамі. Напрыклад, забарона масавых мерапрыемстваў, закрыццё грамадскіх месцаў збору людзей, перавод школьнікаў і студэнтаў на дыстанцыйнае навучанне. Гэтыя меры не каштуюць амаль нічога і падтрымліваюцца большасцю беларусаў.

– Але ўлада не робіць нават гэтага. Дык прычым тут эканоміка? – адзначае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у сваёй праграме «Разжавана» на TUT.BY. – Масква адмяніла парад 9 траўня і начныя рэпетыцыі да яго, можна было не толькі паберагчы здароўе людзей, але і зэканоміць грошы. Раз гэтага не адбываецца, значыць справа не толькі і не столькі ў эканоміцы.

Палітычны аглядальнік лічыць, што галоўная прычына – у асабістым стаўленні Лукашэнкі да праблемы. Для яго ўвесці хоць нейкія масавыя абмежаванні – значыць, праявіць слабіну.

– Не атрымаецца адначасова называць СМІ галоўным ворагам, але пры гэтым уводзіць маштабныя меры. А раптам хтосьці падумае, што і сам кіраўнік дзяржавы паддаўся паніцы? – тлумачыць Арцём Шрайбман.

Але тут ёсць вельмі вялікая небяспека, лічыць эксперт. Бо, калі галоўным ворагам аб’яўляецца паніка, а не вірус, чыноўнікі або высокапастаўленыя медыкі могуць пабаяцца выглядаць панікёрамі і спрачацца з кіраўніком дзяржавы, нават калі сітуацыя пачне выходзіць з-пад кантролю.

– У выніку можа апынуцца, што з-за гэтага паралічу сістэмы, страху нагнятаць паніку, мы прапусцім момант, калі позна будзе ратаваць сітуацыю, – адзначае Шрайбман.

На яго думку, Лукашэнка зараз вельмі рызыкуе:

– Гэта адзін з самых рызыкоўных эксперыментаў Лукашэнкі за яго кар’еру. Калі яго стаўка спрацуе, і Беларусь не стане лідарам у рэгіёне па сумнай статыстыцы, ды яшчэ і не заб’е эканоміку, ён будзе трыумфатарам. Але калі сітуацыя пойдзе па іншым сцэнары, то і перакласці адказнасць на кагосьці іншага не атрымаецца. Аўтар унікальнага беларускага шляху сам узяў яе на сябе.

Паводле Салідарнасці