Справа пра замах



Справа пра замах: інфармацыі больш з дзяржаўных СМІ, чымсьці ад адвакатаў. У справе пра замах на Лукашэнку 9 абвінавачаных. 4 знаходзяцца за кратамі ў СІЗА КДБ: старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітолаг Аляксандр Фядута, юрыст Юры Зянковіч, а таксама яго памочніца Вольга Галубовіч.

Як кажуць родныя абвінавачаных, напрыклад, зяць Рыгора Кастусёва – Дзмітрый Антончык, інфармацыі ад адвакатаў няма, больш даводзіцца прыслухоўвацца да выказванняў Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ:

– Зараз ужо развіваць думку пра тое, як яны рыхтавалі замах, пасля словаў Лукашэнкі, што гэта проста махляры, сэнсу ніякага няма. І артыкул адпаведны вешаць ім пра захоп улады, калі сам Лукашэнка даў адзнаку, што гэта проста махляры, то вельмі складана  прыцягнуць гэты артыкул.

Аляксандр Лукашэнка асабіста заяўляў, што заходнія спецслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Лукашэнка абвінаваціў у датычнасці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту. Усіх траіх абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя