Справаздачна-выбарчая канферэнцыя берасцейскіх левых
У Берасці прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых „Справядлівы свет”. У мерапрыемстве прыняло ўдзел 20 дэлегатаў. У пяты раз на пасаду гарадскога кіраўніка была пераабрана палітык Людміла Дзенісенка. Па яе словах, галоўным накірункам працы на будучы год стане падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі:
– Я вельмі цешуся, што мне людзі даверылі зноў права ўзначаліць гарадскую арганізацыю. Тым больш, што ў 2015 годзе будуць прэзідэнцкія выбары. Сёння на партыйнай канферэнцыі нашыя дэлегаты прагаласавалі адзінагалосна, каб мы ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах незалежна ад таго будзе высоўвацца наш кандыдат ці не.
Намеснік старшыні партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Ухналёў падкрэсліў, што зараз галоўным чынам адбываецца падрыхтоўка да чарговага партыйнага з’езда:
– Кіраўніцтва партыі, старшыня, намеснікі партыі стараемся пабыць на ўсіх гэтых сходах і перадусім паслухаць людзей, нашых сябраў партыі пра тое, як яны ацэньваюць працу партыі ў цэлым, кіраўніцтва партыі, якія ёсць прапановы, што неабходна змяніць, на што неабходна звярнуць увагу, новых людзей паглядзець, якія ў нас у партыі з’яўляюцца.
Былі разгледжаныя такія пытанні, як водгукі адносна дзейнасці за мінулы год, удзел у мясцовай кампаніі 2014 года і правядзенне акцый прысвечаных пагаршэнню сацыяльна-эканамічнага становішча беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце